18 сакавіка іерархі з Гродна – біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч – узялі ўдзел у віншаванні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з імянінамі. Віншаванне адбылося напярэдадні ўрачыстасці святога Юзафа – яго нябеснага апекуна.
Нагодай павіншаваць арцыбіскупа была святая Імша ў мінскай архікатэдры, якой завяршылася пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, што праходзіла ў гэты дзень у курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
На пасяджэнні абмяркоўваліся справы касцёльнага жыцця. Біскупы з Гродна таксама ўзялі ў ім удзел.
Літургія, якую ўзначаліў арцыбіскуп Станеўскі, была магчымасцю выказаць яму словы віншаванняў і ўдзячнасці, запэўніць у малітоўнай памяці.
Гамілію прамовіў біскуп Уладзімір Гуляй. Ён звярнуў увагу на тое, што ў Евангеллях не знайсці ніводнага слова, сказанага святым Юзафам, у той час як можна было б чакаць, што такая незвычайная асоба – муж Панны Марыі і апякун Хрыста – будзе казаць шмат. Яго маўчанне тлумачыцца тым, што Юзаф – чалавек дзеяння, адзначыў іерарх. “Ён стаіць у абароне Слова самога Бога. Гэта Бог будзе гаварыць, а Юзаф – той, хто слухае і дзейнічае, – дадаў біскуп. – Ён не толькі шукаў Слова, якое Бог казаў яму, але і верна рэалізаваў яго”.
Іерарх падкрэсліў, што Юзаф выконваў усё, чаго хацеў Бог. Па словах біскупа, Юзаф, даведаўшыся, што Панна Марыя чакае дзіця, паводзіў сябе “падобна да нас”: “ён праседжваў да позняга часу, шукаючы вырашэння праблемы”. “Святы Юзаф, калі думаў, што зрабіць, каб уратаваць жыццё Марыі і яе дзіцяці, вырашыў узяць усю віну на сябе. І менавіта тады, калі ён знайшоў рашэнне, ён спакойна засынае”, – адзначыў біскуп.
“У сне да яго прыходзіць анёл Пана. Гэта незвычайная сцэна. Узгадаем першую кнігу Бібліі, кнігу Быцця, яе першыя старонкі. Калі Бог стварае Еву, Адам знаходзіцца ў глыбокім сне. Чаму? Як кажуць экзэгеты, ці спецыялісты, якія займаюцца каментаваннем святога тэксту, Бог не хоча, каб Адам удзельнічаў у працэсе стварэння Евы, каб той не мог над ёю ўзвысіцца. Падобным чынам у той момант, калі Юзаф спіць, дзейнічае не ён, а Бог”, – патлумачыў біскуп. Калі ж Юзаф прачнуўся, то выканаў усё, што яму было сказана, нагадаў іерарх.
Біскуп заклікаў браць прыклад са святога Юзафа ў яго паслухмянасці, гатоўнасці выконваць Божыя загады. “Няхай ён, галава Святой Сям’і, стане абаронцам і заступнікам нашых сем’яў. Няхай вядзе нас усюды, куды хоча Бог”, – сказаў іерарх.
Біскуп пажадаў Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, каб святы Юзаф умацоўваў яго, адорваў добрым здароўем і супакоем, дазваляў цешыцца багатымі плёнамі пастырскага служэння.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: pinskdiocese.by