1 сакавіка ў касцёле св. Антонія Падуанскага ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адбылася святая Імша з нагоды 25-й гадавіны смерці кс. прэлата Юзафа Грасевіча. Узначаліў цэлебрацыю біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Ксяндза Юзафа Грасевіча можна аднесці да ліку выдатных постацяў Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў манаскай супольнасці сясцёр Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай), быў сябрам бл. Міхала Сапоцькі, спрыяў выратаванню ад знішчэння слыннага абраза Езуса Міласэрнага, створанага Яўгенам Казіміроўскім паводле апісання св. Фаўстыны Кавальскай.
У пачатку літургіі біскуп Гродзенскі заахвоціў прысутных падзякаваць Богу за асобу спачылага і адзначыў, што той даў прыклад жыцця і служэння, які можа натхняць кожнага ў розных сітуацыях. Па словах біскупа, у памяці духавенства і парафіян ксёндз Грасевіч застаўся як чалавек незвычайнай дабрыні, сціпласці, евангельскага ўбоства, веры, працы і малітвы. Іерарх дадаў, што спачылы быў узорам для цэлых пакаленняў святароў, клапаціўся ў духоўным і матэрыяльным плане пра даручаную яму парафію, быў патрабавальным да іншых, а найбольш да самога сябе, добра ведаў сваіх вернікаў і развіваў у іх дух малітвы і пабожнасці.
У гаміліі біскуп звярнуў увагу на тое, што ксёндз Грасевіч будаваў сваё служэнне на веры ў Божую Міласэрнасць і адданасці Маці Міласэрнасці – Панне Марыі.
Іерарх адзначыў, што ксёндз Юзаф засноўваў сваё жыццё на закліку Езуса: “Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны” (Лк 6, 36). Па словах біскупа, святар “ведаў, што Божая Міласэрнасць – не нешта далёкае, а тое, што трэба прыняць і перадаваць далей”, “ягонае жыццё было адказам на любоў Бога, які дае нам прабачэнне і збаўленне”, ён “вучыў парафіян, што Божая Міласэрнасць даступная для кожнага, незалежна ад граху, ворагаў ці цяжкасцяў”. “Ягоныя словы былі поўныя надзеі, заклікалі адкрываць сэрцы на Божую ласку, асабліва ў сакрамэнце пакаяння”, – сказаў біскуп.
Іерарх адзначыў, што Маці Міласэрнасці была для ксяндза Грасевіча прыкладам пяшчоты, вернасці і адданасці. Святар “на працягу свайго жыцця вучыў, наколькі важна даручаць сябе Маці Божай, якую моц мае малітва да Яе, асабліва ў цяжкія моманты і ў хвіліны спакусы”, нагадваў вернікам, што Марыя “разумее нашы слабасці, нашы грахі і просьбы”.
Біскуп дадаў, што ў якасці сузаснавальніка і духоўнага айца супольнасці сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ксёндз Юзаф прысвяціў сябе служэнню Божаму Валадарству на зямлі, каб “усё аднавіць у Хрысце”.
Жыццё ксяндза Грасевіча іерарх назваў “не толькі сведчаннем Божай Міласэрнасці, але і заклікам да таго, каб мы самі сталі прыладамі гэтай Міласэрнасці”.
У канцы Імшы пробашч парафіі кс. Андрэй Кеўлюк падзякаваў удзельнікам за дар супольнай малітвы ў інтэнцыі спачылага. Пасля прысутныя памаліліся на месцы пахавання святара.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі