У межах праекта “Vibes для моладзі” дабрачыннае каталіцкае таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі аказвае дапамогу маладым людзям, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, сіротам, моладзі са шматдзетных сем’яў і з інваліднасцю.
Да кожнага з гэтых маладых людзей прадстаўнікі дабрачыннага таварыства ставяцца індывідуальна, сыходзячы з яго здольнасцяў, інтарэсаў, уменняў, інтэлектуальных і фізічных магчымасцяў. Таварыства накіроўвае маладых людзей на вучобу з мэтай атрымання прафесіі і дапамагае ўладкавацца на працу, праводзіць для людзей з інваліднасцю развіваючыя заняткі, трэнінгі, вучыць жыццёвым навыкам.
Нядаўна таварыства пры падтрымцы кулінарнай студыі Алены Клімук правяло для маладых людзей з інваліднасцю майстар-клас па прыгатаванні кандытарскіх вырабаў. Гатаваць удзельнікам дапамагалі кандытары. Майстар-клас даваў магчымасць атрымаць новы карысны досвед, пабыць у атмасферы дабра, прыгажосці і смаку. Усё прыгатаванае можна было пакаштаваць і ўзяць з сабой.
Дабрачыннае таварыства выказвае супрацоўнікам кулінарнай студыі падзяку за дапамогу ў правядзенні мерапрыемства і асабісты ўклад у справу міласэрнасці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі