Skip to main content

“Сёння Іўе – месца цудаў”: у 22-і раз прайшоў фестываль “Gloria in excelsis Deo”

uye 92 лютага ў Іўі адбыўся фестываль калядных спеваў “Gloria in excelsis Deo”. Ён прайшоў на Іўеўшчыне, месцы міжканфесійнай згоды і міру, у 22-і раз.

Сёлета ў гэтым маштабным мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі розных парафій Іўеўшчыны, парафіі Божага Цела ў Мінску, вакальна-харавы ансамбль інтэрнацыянальнай музыкі “Прамень” Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Агульная колькасць удзельнікаў склала амаль 300 чалавек.

Фестываль пачаўся святой Імшой, якую цэлебраваў яго шаноўны госць – біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй – у іўеўскім касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла.

“Вельмі цешуся, што мы распачынаем фестываль святой Імшой – цэнтрам хрысціянскага жыцця, – сказаў іерарх. – Эўхарыстыя з’яўляецца фундаментам і асновай нашай радасці. Менавіта тут Бог прыходзіць да нас у славе і напаўняе жыццё збаўчай ласкай”.

uye 45

У гаміліі, разважаючы над урыўкам з Евангелля паводле Лукі пра тое, як Марыя з Юзафам прынеслі Езуса ў святыню, біскуп адзначыў, што сёння Касцёл заахвочвае вернікаў пацвердзіць сваю гатоўнасць служыць Пану.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што Марыя і Юзаф прынеслі ў ахвяру не Езуса, а двух галубоў, і падкрэсліў: “Мы не можам прысвячаць кагосьці Богу, як робяць некаторыя бацькі, навязваючы свае асабістыя мары ці планы дзецям пры выбары прафесіі. Мы можам ахвяраваць Богу толькі саміх сябе. Бацькі павінны выхаваць дзяцей так, каб тыя потым маглі ахвяраваць сваё жыццё Створцы”.

У канцы Эўхарыстыі біскуп падзякаваў за спеў на ёй парафіяльнаму хору “Canticum Sacrum”, у склад якога ўваходзяць жыхары шматканфесійнага Іўя, якія належаць да розных веравызнанняў і цікавяцца гісторыяй каталіцтва. Глыбокая падзяка была выказана таксама парафіяльнай літургічнай службе алтара – адной з найбуйнейшых міністранцкіх супольнасцяў у дыяцэзіі. Біскуп адзначыў прафесійнае выконванне ёю сваіх функцый і выказаў надзею, што ў будучыні ўбачыць некаторых з міністрантаў на ўступных экзаменах у семінарыі.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў: “Нам, людзям ХХІ стагоддзя, патрэбныя такія мерапрыемствы, як гэты фестываль, каб шчыра, як дзеці, узрадавацца. Іўе сёння напаўняецца Божай хвалою і радасцю менавіта праз калядны фестываль. Сёння Іўе – гэта месца цудаў”.

Пасля Эўхарыстыі іерарх меў магчымасць бліжэй пазнаёміцца з жыццём парафіі. Біскуп наведаў парафіяльны музей.

uye 36

Выступленні ўдзельнікаў фестывалю праходзілі ў Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу. На пачатку канцэрту да прысутных звярнуліся пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла кс. Павел Калеснік, біскуп Уладімір Гуляй, дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas”-Беларусь кс. канонік Андрэй Аніскевіч, старшыня Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Філон. Прадстаўнік улады падзякавала ўдзельнікам, іх блізкім і родным за падтрымку і развіццё фестывалю, а таксама падкрэсліла, што атмасфера цеплыні і радасці, якая пануе на гэтым мерапрыемстве, яднае нашае грамадства.


Распачаўся канцэрт флэшмобам, які падрыхтавалі ўдзельнікі з Іўя. Сярод выканаўцаў былі салісты, трыа, квартэты і хоры розных парафій Іўеўшчыны: Іўя, Ліпнішак, Геранён, Трабаў, Суботнікаў і Лаздун. Сёлета фестываль быў азмрочаны сумнай гадавінай: амаль год таму адышоў у вечнасць яго ініцыятар кс. Ян Гавецкі. Кранальным было выступленне дзяўчынкі Анастасіі Гуранковай, якая ўдзельнічае ў фестывалі штогод і сёлета вырашыла прысвяціць ксяндзу Яну песню.

uye 20

У канцы фестывалю ўсе ўдзельнікі атрымалі падарункі. Такую магчымасць даюць кожны год дабрачыннае каталіцкае таварыства “Caritas” і Мальтыйская служба дапамогі.

Маштабны форум у беларускай глыбінцы смела працягвае сваё існаванне, праслаўляючы нованароджанага Збаўцу і ствараючы сапраўднае свята ў сэрцах удзельнікаў.

Раман Ярмош, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Дар’я Барысевіч