
Распачаўся турнір св. Імшой у капліцы ВДС, якую правёў кс. Юзаф Станеўскі. Ён скіраваў да ўдзельнікаў турніру Божае слова, заахвочваючы, каб маладыя людзі вучыліся слухаць голас Хрыста ў распазнанні жыццёвай дарогі, каб не баяліся сказаць Хрысту “так”, калі пачуюць пакліканне пайсці шляхам святара.
Пасля Эўхарыстыі на галоўным стадыёне Гродна распачаліся гульні ў групах, у якіх узялі ўдзел каманды з парафій: Гродна-Дзевятоўка, Сапоцкіна, Вышэйшая духоўная семінарыя, Гродна-Аўгустовак (старэйшыя), Гродна-Паўднёвы, Гродна-Аўгустовак (малодшыя). Душпастыры і апекуны таксама гралі ў сваіх камандах, падтрымліваючы сваіх падапечных. Прафесійныя суддзі, сонечнае надвор’е, а таксама прытрымліванне прынцыпаў гульні прафесійных футбалістаў стварылі цудоўную атмасферу падчас турніру.
Пасля групавых гульняў усе каманды разыгралі матчы за 1-6 месцы. Матч за 5-6 месца разыгралі дзве каманды з пар. Гродна-Аўгустовак. У той гульні гульцы забілі найбольш галоў – ажно 19!
Такім чынам: Гродна-Аўгустовак (старэйшыя) / Гродна-Аўгустовак (малодшыя) – 10:9.
Матч за 3-4 месца: Гродна-Дзевятоўка / Сапоцкіна – 3:1.
Матч за 1-2 месца: Гродна-Паўднёвы / ВДС – 2:0 (па пенальці).
Матч за першае месца выклікаў вялікую цікавасць гледачоў. Клерыкі гралі нароўні з фаварытам турніру – камандай з пар. Гродна-Паўднёвы. Першая і другая палова гульні скончылася нічыёй 0:0, таму, каб вызначыць пераможцу турніру, быў патрэбны пенальці. Два ўдары з 11 метраў больш прафесійна зрабілі гульцы з каманды Гродна-Паўднёвы, атрымаўшы перамогу над камандай ВДС.
На заканчэнне турніру ўдзельнікі вярнуліся ў ВДС, дзе для ўсіх быў падрыхтаваны салодкі пачастунак, а таксама былі ўручаны медалі для пераможцаў турніру. Удзельнікі мерапрыемства падзякавалі спонсару турніру сп. Станіславу Занеўскаму, які пацвердзіў, што турнір будзе традыцыйным.
Вынікі:
1. Гродна-Паўднёвы
2. Гродзенская ВДС
3. Гродна-Дзевятоўка
4. Сапоцкіна
5. Гродна-Аўгустовак (старэйшыя)
6. Гродна-Аўгустовак (малодшыя)
Кс. Артур Малафей