Skip to main content

Студэнты гродзенскай семінарыі наведалі санктуарый у Росі

seminaristy ros 619 студзеня студэнты прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне наведалі санктуарый Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат).

Гэты санктуарый знаходзіцца ў шэрагу святынь, якія ў межах Юбілейнага 2025 года біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй устанавіў юбілейнымі: пры іх наведванні ўдзяляецца поўны адпуст.

У санктуарыі семінарысты прыслугоўвалі на святой Імшы, а таксама пазнаёміліся з вернікамі і міністрантамі парафіі. Семінарысты прапанавалі ім падумаць над тым, каб пайсці шляхам святарскага паклікання, заахвоцілі іх маліцца за семінарыю і прасіць Бога аб новых работніках для Яго жніва.

seminaristy ros 3

Пасля літургіі кусташ санктуарыя кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч запрасіў гасцей на гарбату. Паміж студэнтамі і кусташам адбылася шчырая размова аб семінарыйным быце, тым, як семінарысты вучацца і якія ў іх прадметы.

Госці павіншавалі ксяндза Чэслава з днём нараджэння, які ён святкаваў 16 студзеня, пажадаўшы яму Божых ласкаў на далейшым шляху святарскага служэння.

Яраслаў Булко, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі