18 студзеня адбылася аплаткавая сустрэча для ўсіх валанцёраў і супрацоўнікаў дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі.
У сустрэчы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч і нядаўна прызначаны дырэктар “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі кс. Віталій Дабраловіч.
У пачатку сустрэчы ўдзельнікі памаліліся за ўсіх, каму патрэбна дапамога, за ахвярадаўцаў, валанцёраў і дабрадзеяў. Біскуп Гродзенскі выказаў віншаванні са святам Нараджэння Пана. Таксама ён назваў таварыства “Caritas” маленькім Бэтлеемам, у якім праз дабро, якое нясуць людзям супрацоўнікі таварыства, нараджаецца Езус і Яго бязмерная любоў.
Біскупы ўдзялілі прысутным пастырскае благаслаўленне. Затым усе падзяліліся аплаткай, выказаўшы адзін аднаму пажаданні з нагоды Божага Нараджэння.
“Радасць свята Божага Нараджэння яшчэ трывае сярод нас, бо Езус не толькі прыходзіць у нашыя сэрцы і сем’і, але і хоча прыйсці ў кожную нашу супольнасць”, – адзначаюць з гэтай нагоды ўдзельнікі сустрэчы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі