З 3 па 5 студзеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі рэкалекцыі на тэму распазнання паклікання. На духоўных практыкаваннях сабраліся юнакі з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі і з іншых месцаў – у цэлым больш за 30 чалавек.
Рэкалекцыі пачаліся малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці аб міры ў свеце, за Касцёл, аб навяртанні грэшнікаў, за сем’і ўдзельнікаў рэкалекцый і аб тым, каб Езус у сваёй міласэрнасці дазволіў ім распазнаць іх пакліканне. Потым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў рэктар семінарыі кс. канонік Віталь Вайцяхоўскі. У гаміліі мадэратар прапедэўтычнага курса семінарыі кс. Павел Скуба на прыкладзе св. Яна Хрысціцеля патлумачыў, што, каб зразумець сваё пакліканне, трэба “зменшыць гук” гэтага свету і на некаторы час сысці з яго ў “пустыню”. Таксама святар звярнуў увагу на тое, што Ян Хрысціцель не засланяў Хрыста, хоць і быў Яго сябрам, і падобным чынам кожны хрысціянін, асабліва пакліканы, павінен быць сябрам Езуса, бо такім яго лічыць сам Езус.
Вечарам юнакі мелі магчымасць задаць пытанні святару і семінарыстам.
Другі дзень распачаўся літургічнай малітвай Касцёла – Ютранню. Псальмы, якія прагучалі, рыхтавалі ўдзельнікаў рэкалекцый да разважання над Божым словам.
Пасля снедання яны выслухалі канферэнцыю, у якой гаварылася пра сяброўскія адносіны Езуса да кожнага, а таксама тлумачылася, якім павінна быць сапраўднае сяброўства і што значыць сябраваць. Святую Імшу ў гэты дзень узначаліў прэфект семінарыі кс. Ян Раманоўскі. Адной з асноўных думак гаміліі, якую прамовіў кс. Павел Скуба, было тое, што калі хтосьці ўказвае нам на Хрыста, трэба зацікавіцца і прыкласці намаганні, каб лепей пазнаць Яго, не баяцца задаць Яму свае пытанні, і Ён адкажа на іх тым ці іншым чынам.
Праграма гэтага дня ўключала Вяночак да Божай Міласэрнасці, які здзяйсняўся ў інтэнцыях удзельнікаў рэкалекцый, а таксама за Касцёл у Беларусі, яго вернікаў і пастыраў. Пасля была магчымасць правесці час у размовах за гарбатай ці кавай, пагуляць у більярд ці тэніс, наведаць трэнажорны зал.
Увечары юнакі наведалі гродзенскую катэдру, дзе маглі памаліцца перад абразом Маці Божай Кангрэгацкай. Пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі пазнаёміў іх з гіторыяй абраза і распавёў аб тым, якія цуды Маці Божая чыніць для людзей. Потым маладыя людзі мелі магчымасць прагуляцца па вячэрнім Гродне.
Апошні дзень рэкалекцый – нядзеля – распачаўся малітвай і разважаннем над Божым словам. Пасля адбылася канферэнцыя “Які я сябар для Хрыста і для бліжняга?”. Яна была таксама своеасаблівым рахункам сумлення для юнакоў: у яе межах былі зададзены пытанні пра жаданне размаўляць з Хрыстом праз малітву, сустракацца з Ім у Эўхарыстыі, перапрашаць у споведзі за правіны, слухаць Яго ў Божым слове; пытанні адносна сяброўства з бліжнімі – напрыклад, ці адказваю я ім такім жа сяброўствам, якога патрабую ад іх.
Кульмінацыйным пунктам праграмы рэкалекцый была святая Імша ў гродзенскай катэдры, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. На літургіі іерарх звярнуўся з пастырскім словам да ўсіх вернікаў і ў прыватнасці да міністрантаў.
Маладыя людзі атрымалі пастырскае благаслаўленне на зваротную дарогу, а таксама зрабілі фотаздымак на памяць. Рэкалекцыі пакінулі ва ўдзельнікаў добрыя ўражанні і далі ім “духоўны пасілак” для разважанняў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі