2 студзеня ў парафіі святога Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат) адбылася аплаткавая сустрэча для дзяцей.
Як паведамляе сайт парафіі, сустрэча стала для дзяцей сапраўдным цудам. Ушанаваць Нараджэнне Збаўцы і падзяліцца аплаткай яны сабраліся ў парафіяльным доме. На сайце адзначаецца, што дзеці былі напоўнены радасцю і ва ўзнёслым настроі.
Пробашч кс. Віктар Захарэўскі і катэхетка Жанна прывіталі дзяцей цёплымі словамі, запрашаючы іх акунуцца ў духоўную казку. Пробашч расказаў маленькім парафіянам пра аплатку, патлумачыўшы, што гэты хлеб з’яўляецца сімвалам еднасці і любові, і пазнаёміў іх з традыцыяй дзялення аплаткай.
Пасля малітвы кожны з прысутных мог падзяліцца гэтым духоўным сімвалам з іншымі, перадаючы адзін аднаму цеплыню сэрца і благаслаўленне.
Затым быў час забаваў, а пасля да дзяцей завітаў святы Мікалай.