2 снежня ў парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) адбылася фармацыйная сустрэча маладых святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
У межах сустрэчы ўдзельнікі выслухалі канферэнцыю “Спецыфіка катэхізацыі дарослых: заахвочванне і зацікаўленасць да пазнання Бога”, з якой выступіў вікарый парафіі Святога Духа кс. Валерый Спірыдон. Святар адзначыў важнасць катэхізацыі дарослых, дадаўшы, што для іх гэта магчымасць паглыблення веры, духоўнага развіцця, а таксама дыскусій на аснове пытанняў, прапанаваных Катэхізісам Каталіцкага Касцёла.
Цэнтральнай часткай сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
У гаміліі іерарх разважаў над чытаннем Евангелля на гэты дзень, у якім апісваецца незвычайны дыялог Езуса з рымскім сотнікам, які прасіў аздаравіць яго слугу. Першым крокам у тым, каб спазнаць збаўчую моц Хрыста, біскуп назваў адкрыццё Яму свайго сэрца, шчыры расказ Яму пра ўсё, што мучыць ці клапоціць.
“Езус хоча ўваходзіць і ў маё жыццё з дарам аздараўлення, хоць нярэдка я іду за ідаламі гэтага свету. Ён не глядзіць на мяне як на ворага. Ён бачыць у маіх памылках слабасць параненай душы, якую хоча ратаваць”, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Па словах біскупа, калі чалавек хоча прасіць Бога аб чымсьці, то павінен у духу пакоры і са скрухай у сэрцы прызнаць, наколькі нягодны Яго дапамогі.
“Слова Пана мае моц. Нават калі Ён заклікае да таго, што здаецца немагчымым. Гэтую моц можа спазнаць кожны, хто спусціцца з п’едэстала сваіх дасягненняў ці набытых годнасцяў і ў пакоры цалкам падпарадкуе Езусу сваё жыццё”, – падкрэсліў іерарх.
Біскуп падзякаваў пробашчу парафіі Святога Духа кс. каноніку Паўлу Салабуду – адказнаму за арганізацыю сустрэчы і мадэратару пастаяннай фармацыі маладых святароў дыяцэзіі. Усім удзельнікам сустрэчы іерарх пажадаў, каб Адвэнт стаў для іх нагодай паглыбіць сваю сувязь з Хрыстом.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі