8-9 кастрычніка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі першыя ў новым навучальным годзе дні засяроджання.
Духоўныя практыкаванні правёў а. Аляксандр Махнач SP. Галоўнай тэмай, над якой разважалі семінарысты, была супольнасць.
Дні засяроджання распачаліся гімнам да Духа Святога і малітвай камплеты. У межах сустрэчы было чатыры канферэнцыі.
Ва ўводзінах у тэму айцец Аляксандр распавёў пра Святую Тройцу, якую назваў самай дасканалай супольнасцю. Звяртаючы ўвагу на Кнігу Быцця, ён падкрэсліў, што чалавек быў створаны, каб знаходзіцца ў супольнасці. Былі апісаны ўзаемаадносіны паміж асобамі Святой Тройцы, сярод рысаў якой – адзінства, роўнасць і плённасць.
Кожны з удзельнікаў мог паразважаць, колькі ён укладвае ў супольнасць і колькі бярэ з яе.
Другі дзень быў прысвечаны малітве. У апошніх канферэнцыях айцец Аляксандр падзяліўся ўласным досведам, а таксама адзначыў, што сённяшні чалавек адчувае “голад малітвы”. Каментуючы словы Карла Ранера, што хрысціяне трэцяга тысячагоддзя будуць альбо містыкамі, альбо нікім, ён падкрэсліў неабходнасць малітвы на шляху святарскага паклікання.
Акрамя канферэнцый, у межах дзён засяроджання былі ружанцовая малітва, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, магчымасць споведзі.
Духоўныя практыкаванні скончыліся святой Імшой, якую цэлебраваў рэктар семінарыі ксёндз канонік Віталій Вайцяхоўскі.
Пасля Эўхарыстыі семінарысты падзякавалі айцу Аляксандру за праведзены разам з імі час і павіншавалі рэктара з днём нараджэння, які ён адзначаў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Станіслаў Бервячонак