У Шчучынскім райвыканкаме адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з каталіцкім і праваслаўным духавенствам.
Як паведамляе dzyannica.by, у ходзе адкрытага дыялогу былі вызначаны планы далейшага супрацоўніцтва і вырашэння праблемных пытанняў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, вітаючы святароў, падзякавала ім за тое, што яны адгукнуліся і бяруць удзел у абмеркаванні існуючых праблем, а таксама звярнула ўвагу на агульныя кропкі судакранання ўладаў і духавенства ў розных пытаннях.
Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна адзначыла: “У раёне ёсць узаемаразуменне з боку органаў уладаў і прадстаўнікоў канфесій. Са свайго боку мы ўдзельнічаем у мерапрыемствах прыходаў. Прадстаўнікі рэлігійных супольнасцяў – госці свецкіх мерапрыемстваў. Таксама пры неабходнасці аказваем дапамогу рэлігійным арганізацыям у вырашэнні іх праблем”.
На сустрэчы былі закрануты тэмы захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця рэлігійнага турызму. Між іншым, з прыблізна 7 тысяч турыстаў і 4 тысяч экскурсантаў, якія пабывалі ў Шчучынскім раёне за дзевяць месяцаў гэтага года, больш чым палова наведала рэлігійныя аб’екты.
Кожны са святароў, прысутных на сустрэчы, мог задаць пытанне і абмаляваць якуюсьці праблему.
Старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі падкрэсліў, што вырашыць усе пытанні, якія ўзнікаюць, можна толькі шляхам аб’яднання намаганняў. “Сённяшняя сустрэча – шматгадовая добрая традыцыя, і адступаць ад яе не мае сэнсу, – адзначыў ён. – Кожная такая сустрэча – гэта дзелавая нарада свецкай улады і ўлады духоўнай. У тандэме яны могуць рабіць, як ужо паказалі час і практыка, сур’ёзныя і патрэбныя справы”.