
Перад працэсіяй ксёндз біскуп уручыў працэсійны крыж, аздоблены чырвонай стулай, фігурку ўваскрослага Хрыста, запалены пасхал як сімвал уваскрослага Хрыста, які з’яўляецца святлом гэтага свету.
– У часе Пасхальнай вігіліі мы пачулі гімн “Весяліцеся ўжо, хоры анёлаў у небе! Весяліцеся, слугі Бога! На знак перамогі велічнага Валадара. Няхай гучаць званы, якія абвяшчаюць збаўленне! Радуйся, зямля, апрамененая такім невымерным бляскам, асветленая яснасцю Валадара вякоў.” Паслухмяныя гэтаму закліку, пойдзем урачыстай працэсіяй, пойдзем за ўваскрослым Хрыстом, каб вызнаць нашую веру ў Яго перамогу над смерцю і шатанам. Уваскросламу Хрысту, які жыве сярод нас у Найсвяцейшым Сакраманце, будзем дзякаваць за тое, што Ён адкрыў вернікам Валадарства Нябёс, – з гэтымі словамі ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч узяў манстранцыю з Найсвяцейшым Сакрамантам, які з’яўляўся цэнтрам усёй урачыстай працэсіі. Пад гукі аргана вернікі заспявалі гімн “Вясёлы дзень нам настаў”.
Прыгожая традыцыя ранішняй працэсіі перад рэзурэкцыйнай св. Імшой трывае ў катэдры здаўна. Жанчыны, мужчыны рознага ўзросту нясуць абразы і харугвы, дзяўчаты ў белых сукенках і вяночках пасыпаюць шлях пялёсткамі кветак. Працэсія з вернікаў, святароў, манаскіх сясцёр расцягваецца на ўсю вуліцу. Шэсце суправаджаюць урачыстыя гукі духавога аркестра, спевы і званкі.
Тысячы людзей прыйшлі ў катэдру паўдзельнічаць у працэсіі і рэзурэкцыйнай св. Імшы, якую ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Рэзурэкцыя – (з лац. Resurrectio – змёртвыхпаўстанне) – урачыстае набажэнства ў каталіцкім Касцёле, спалучанае з працэсіяй, галоўнай мэтай якога з’яўляецца абвяшчэне ўсяму свету Добрай Навіны пра Уваскрасенне Хрыста. Можа адбывацца пасля Пасхальнай вігіліі, як, напрыклад, у касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы, або ранкам у нядзелю, як у большасці гродзенскіх касцёлаў.