Skip to main content

Хрыстос Уваскрос! Алелюя!

Вернікі з усяго горада сабраліся ў Вялікую суботу ў катэдры, каб супольна паўдзельнічаць у найважнейшым набажэнстве ўсяго літургічнага года – Пасхальнай вігіліі. Гэта цудоўная ноч, калі мы радасна ўсклікаем “Хрыстос Уваскрос!” Святую Імшу цэлебраваў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч супольна са святарамі дыяцэзіі. На святочнае набажэнства прыбылі госці – святары з лютэранскай і праваслаўнай Цэркваў.

Вігілія пачалася літургіяй святла. Перад катэдрай ксёндз біскуп асвяціў агонь і запаліў ад яго пасхал, ад якога вернікі затым запалілі свае свечкі. Так раз’яснілася цемень, у якой прабываў Касцёл да Уваскрасення Хрыста. Падчас літургіі слова чыталіся біблійныя тэксты, якія перамяжоўваліся псальмамі і малітвамі, а таксама Евангелле. Ключавым момантам было чытанне з Кнігі Зыходу, якое распавядае пра пераход праз Чырвонае мора.

Пасля чытанняў Касцёл заспяваў гімн “Хвала на вышынях Богу”, калі абудзіліся ўсе званы і арган, якія дагэтуль маўчалі на знак смутку мукі і смерці пана. Зараз усе званы радасна і гучна абвяшчаюць – Хрыстос Уваскрос! Кажыце гэта паўсюдна і як мага грамчэй!

Гамілію аб значэнні Уваскрасення для ўсіх нас прамовіў кс. Павел Салабуда. Пасля распачалася літургія хросту, падчас якой спявалася Літанія да ўсіх святых.

Пасля ксёндз біскуп разам з дыяканам асвяцілі хрысцільную ваду, тры разы акунаючы ў яе пасхал. Ксёндз біскуп праз абрад хросту далучыў да супольнасці касцёла двух новых вернікаў. Таксама адбылося аднаўленне хросных абяцанняў усіх прысутных вернікаў.

Далей наступіла Эўхарыстыя – найважнейшая частка ўсяго набажэнства, калі Хрыстос прыходзіць да кожнага хрысціяніна пад выглядам св. Камуніі. Напрыканцы набажэнства кс. бп Аляксандр павіншаваў усіх вернікаў з Уваскрасеннем Хрыстовым, папрасіўшы занесці ў свае сем’і самыя шчырыя віншаванні і пажаданні, асабліва хворым людзям, якія не змаглі прыняць удзел у набажэнстве.

Пасля набажэнства на працягу ўсёй ночы адбывалася адарацыя Гробу Пана, якую падрыхтавала гродзенская моладзь.

Зранку а 7-й гадзіне вернікі прыбылі на рэзурэкцыю.