Літургію Мукі Пана, якая складаецца з трох частак: літургіі слова, адарацыі крыжа і абрадаў св. Камуніі, узначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. На пачатку літургіі ў цішыні вернікі са сваім пастырам разважалі вялікую таямніцу веры – смерць Езуса. Збаўчую падзею згадвае Евангелле, пасля якога да вернікаў звярнуўся кс. Віктар Ханько, які запрасіў усіх прысутных да глыбокай удзячнасці Богу, які аддаў жыццё за кожнага з нас. Ксёндз Віктар прыгадаў, што чалавек сам не здолее перамагчы грэх і сваю слабасць, а можа зрабіць гэта толькі з Богам, толькі праз крыж. Хрыстос, які прымае нашыя грахі на крыжы, кожнаму з нас прабачае. Ксёндз таксама звярнуў увагу ўсіх прысутных на тое, што Бог – гэта Суддзя спавядлівы, але і міласэрны. Напрыканцы гаміліі казнадзей заклікаў вернікаў часцей глядзець на крыж, “на дрэва збаўлення кожнага з нас”. Пасля казання дыякан з біскупам адмовілі ўрачыстую паўсюдную малітву. У 10 зваротах усе вернікі прасілі Бога, каб Ён меў у апецы ўвесь свет.
Пасля малітвы да алтара быў урачыста прынесены крыж, пасля чаго біскуп тры разы адспяваў словы малітвы: “Вось дрэва крыжа, на якім вісеў Збавіцель свету”. Людзі адказвалі: “Хадземце з паклонам”. Пасля адкрыцця Святога крыжа кожны мог падыйсці да яго, каб пацалаваць. У гэты асаблівы дзень вернікі стаюць на калені перад крыжом.
Пасля супольнай малітвы “Ойча наш” адбылася св. Камунія, падчас якой вернікі прынялі Цела Хрыста, які дае сапраўднае і поўнае жыццё.
Пасля святой Камуніі, Найсвяцейшы Сакрамант перанеслі ў прыгожа аздоблены сімвалічны гроб. Затым адбылася адарацыя, якая ў катэдры доўжылася да 22-й гадзіны. У гэты дзень таксама распачалася Навэнна да Божай міласэрнасці, якая будзе трываць 9 дзён.