23 верасня, ва ўспамін св. Айца Піо з П’етрэльчыны, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў юбілей 75-годдзя.
З гэтай нагоды ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя.
Імшу ўзначаліў юбіляр, на ёй прысутнічалі каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, які днём раней вярнуўся з Рыма, дзе ўдзельнічаў у фармацыйным курсе для новых біскупаў, святары дыяцэзіі, якія 23 верасня ўдзельнічалі ў дні засяроджання ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, законныя сёстры, шматлікія вернікі.
Сабраўшыся па патрэбе сваіх сэрцаў на гэтай літургіі, прысутныя мелі магчымасць разам, як дыяцэзіяльная сям’я, падтрымаць юбіляра малітвай, выказаць удзячнасць Богу за дар яго жыцця, яго асобу і служэнне ў якасці першага біскупа Гродзенскага і падзякаваць яму самому.
У гаміліі канцлер курыі Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, засяроджваючы ўвагу на літургічным чытанні гэтага дня, адзначыў, што з Евангелля ясна вынікае імператыў для сучасных людзей: свяціць для іншых. Гэтым святлом, патлумачыў ксёндз Аляксандр, з’яўляюцца словы, учынкі, асабістае сведчанне жыцця. Святар заахвоціў дзяліцца гэтым святлом, дадаўшы, што праз гэта “будзем узбагачаны самі, бо, як запэўнівае Пан Езус, “хто мае, таму дадзена будзе” (Лк 8, 18)”.
У канцы гаміліі канцлер курыі, які належыць да найбліжэйшых супрацоўнікаў біскупа, выказаў яму ўдзячнасць. Ксёндз Аляксандр падзякаваў за тое, што ў асобе юбіляра “мы маем дасведчанага, надзейнага правадніка, праўдзівага пастыра, які з клопатам, любоўю і чуласцю вядзе шляхам да збаўлення даручаную яму аўчарню”.
Шмат цёплых пажаданняў і падзяк юбіляру прагучала таксама ў канцы Імшы.
Ад імя духавенства і законных сясцёр Гродзенскай дыяцэзіі да біскупа звярнуўся пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі. Іерарха павіншавалі ад імя Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі. Віншаванні выказалі семінарысты і навучэнцы Тэалагічнага каледжа імя св. каралевіча Казіміра ў Гродне, прадстаўнікі малітоўнага руху “Маргарытка”, госці з радзімы біскупа – Літвы, а таксама з Польшчы.
Затым да юбіляра звярнуўся каад’ютар біскуп Уладзімір Гуляй. Ён сказаў, што дзень нараджэння пастыра дыяцэзіі з’яўляецца, акрамя нагоды да выражэння ўдзячнасці, святам Касцёла, бо біскуп жыве і дзейнічае з упаўнаважання яго Езусам Хрыстом.
Каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі дадаў, што раніцай свайго жыцця сённяшні біскуп адказаў на заклік Бога, як калісьці Самуэль: “Вось я, Пане, распараджайся мной”, “дазволіў звязаць сабе рукі і ўклаў іх у рукі Пана, каб яны заставаліся ў Яго распараджэнні ў гэтым свеце”.
Іерарх адзначыў, што кожны біскуп “з’яўляецца рукамі і вуснамі Езуса Хрыста ў свеце, вядзе нас да Езуса і паказвае нам Яго”, а такім чынам “паказвае, што такое Касцёл, што такое пасланніцтва ў Касцёле”, “дапамагае кожнаму з нас распазнаць, якая наша місія ў гэты момант гісторыі збаўлення”.
Біскуп Гуляй, які ў будучыні зменіць біскупа Кашкевіча на дыяцэзіяльнай катэдры, пажадаў яму “заўсёды адчуваць падтрымную далонь міласэрнага Бога”, каб з гэтай дапамогай ён мог “яшчэ доўга адчуваць і паказваць нам усім, усяму Касцёлу на Гродзеншчыне, што дабрыня Бога з’яўляецца жыццём”.
Юбіляр з вялікай сардэчнасцю падзякаваў удзельнікам святкавання за прысутнасць і найперш за дар малітвы, якая кожны дзень плыве, як рака, з розных бакоў маляўнічай Гродзеншчыны.
“У гэты важны для мяне дзень хачу сказаць тры словы: дзякую, выбачаюся і прашу”, – з узрушанасцю прызнаўся біскуп. Ён падзякаваў духавенству і законным сёстрам за тое, што можа разам з імі будаваць нябеснае валадарства на зямлі і ісці дарогай да святасці, выбачыўся за ўсе памылкі і недасканаласці і папрасіў працягваць спадарожнічаць яму малітвай, каб ён мог далей служыць Касцёлу.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Станіслаў Бервячонак