16 верасня ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылося ўрачыстае пагашэнне паштовай маркі “Цудатворная ікона Маці Божай Студэнцкай у Гродне”. Марка сумесна выпушчана Рэспублікай Беларусь і Ватыканам і выходзіць у паштовае абарачэнне.
У гістарычнай для горада падзеі ўзяў удзел арцыбіскуп Антэ Ёзіч, для якога яна стала афіцыйным завяршэннем служэння ў Беларусі ў якасці Апостальскага нунцыя. У гэты дзень ватыканскі дыпламат, які быў нунцыем у нашай краіне на працягу амаль чатырох гадоў і чыё далейшае служэнне будзе праходзіць на Каўказе, адзначыў чацвёртую гадавіну з часу біскупскага пасвячэння.
У цырымоніі ўдзельнічалі таксама старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску кс. прэлат Кшыштаф Сэрокa, іншае духавенства, законныя сёстры, студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Прысутнічалі свецкія вернікі, дзякуючы каму распаўсюджваецца культ Панны Марыі, якая ўшаноўваецца ў катэдральнай базыліцы ў Кангрэгацкім абразе.
Сярод запрошаных гасцей былі намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Юрый Амбразевіч і намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Ганна Рабава. Прысутнічалі прадстаўнікi абласной і гарадской уладаў: намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Скрыпко, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжанa Куратчык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама Аляксей Апановіч.
Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства паштовай сувязі “Белпошта” прадставілі начальнік яго выдавецкага цэнтра Ірына Шыпілава i дырэктар філіяла РУП “Белпошта” ў Гродне Святланa Мякіш.
Мерапрыемства ўганаравалі прысутнасцю прадстаўнікі іншых канфесій: протаіерэй Аляксандр Хомбак, які прадстаўляў праваслаўнага архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія, і пастар Уладзімір Татарнікаў, які прадстаўляў лютэранскую супольнасць Гродна.
Перад пачаткам цырымоніі пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі азнаёміў удзельнікаў з гісторыяй абраза Маці Божай Кангрэгацкай, культ якой на Гродзеншчыне вельмі жывы.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прывітаў усіх прысутных, у тым ліку ганаровых гасцей. Іерарх падкрэсліў у сваім слове, што Гродна прыцягвае мноства людзей, якія хочуць пазнаёміцца з багатай гісторыяй і культурай горада, падзівіцца выключнай архітэктуры рэгіёну.
“Шмат турыстаў і пілігрымаў застаецца пад вялікім уражаннем і ад наведвання нашай катэдральнай базылікі, у якой мы зараз знаходзімся. А сустрэча з Маці Божай Кангрэгацкай, якую называюць таксама Студэнцкай, пакідае ў сэрцы незвычайны спакой і радасць, заахвочвае чыніць дабро і будаваць мір у свеце”, – сказаў біскуп.
Іерарх нагадаў, што сёлета адзначаецца юбілей 360-годдзя прысутнасці абраза Маці Божай Кангрэгацкай на Гродзеншчыне. Біскуп выказаў надзею, што ўрачыстасць пагашэння паштовай маркі, на якой адлюстраваны гэты абраз, “прычыніцца да яшчэ большага ўзрастання веры, адкрыцця на хрысціянскія каштоўнасці і любові да Бога ў нашым народзе”.
Намеснік Міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч у сваім слове адзначыў, што Святы Пасад заўсёды быў надзейным партнёрам Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне. Высокі беларускі дыпламат нагадаў пра супольныя прыярытэты абодвух бакоў – імкненне да сацыяльнай справядлівасці і захаванне традыцыйных каштоўнасцяў – і выказаў надзею на далейшае развіццё двухбаковых адносін дзеля дабра ўсяго беларускага народа.
Арцыбіскуп Антэ Ёзіч у сваёй прамове назваў вялікім гонарам для сябе тое, што яго апошні афіцыйны візіт у якасці Апостальскага нунцыя ў Беларусі прысвечаны цудадзейнаму абразу Нябеснай Маці, які на працягу некалькіх стагоддзяў ахоўваў беларускі народ і дагэтуль застаецца мэтай паломніцтва для жыхароў не толькі Гродзеншчыны, але і ўсёй краіны.
Арцыбіскуп дадаў, што вельмі ўдзячны беларускай і ватыканскай поштам за ўвагу да гэтай святыні і да беларускіх вернікаў, якія яе ўшаноўваюць, а таксама за сумеснае выданне на беларускай і італьянскай мовах маркі, якая адлюстроўвае абраз вядомай ва ўсім свете Маці Божай Кангрэгацкай і паказвае веру беларускага народа.
Ватыканскі дыпламат падзякаваў прадстаўнікам цэнтральнай і мясцовай уладаў Рэспублікі Беларусь за прысутнасць і за падтрымку гэтага супольна рэалізаванага праекта.
Сваю прамову іерарх завяршыў словамі: “Я прашу Маці Божую, прадстаўленую ў цудатворным Гродзенскім абразе, каб Яна ахоўвала гэты горад і натхняла ўвесь беларускі народ ісці за тымі каштоўнасцямі, якія ніколі не згасаюць, але нясуць збаўленне ўсяму чалавецтву”.
Старшыня каталіцкага епіскапату арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў слове да прысутных заўважыў, што гродзенская катэдра доўгі час з’яўляецца месцам сустрэчы чалавека з Богам і чалавека з чалавекам. “Гэта месца малітвы і беднага, і багатага, і маладога, і пажылога. Сюды на працягу стагоддзяў прыходзяць і проста паглядзець, і па поклічы сэрца”, – сказаў іерарх.
Згадваючы пра марку – новы знак паштовай аплаты Беларусі і Ватыкана, – арцыбіскуп выказаў упэўненасць, што яна “разам з нашымі добрымі словамі і справамі паляціць, як голуб міру, на паштоўках і канвертах беларускай і ватыканскай поштаў, абвяшчаючы добрую вестку па ўсім свеце дзеля захавання міру і сяброўства між народамі”.
Намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Ганна Рабава падкрэсліла, што дзень, калі адбываецца гэтая памятная падзея, вельмі важны, напаўняе жаданнем адкрывацца на духоўнае і будаваць адзінства ў нашым грамадстве.
Канверты першага дня з маркамі пагасілі спецыяльным штэмпелем усе, хто звярнуўся з прамовамі да ўдзельнікаў цырымоніі.
Абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай) у Гродне з’яўляецца копіяй абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі святой Марыі Вялікай (Santa Maria Maggiore) – адной з самых вядомых і старажытных выяваў Багародзіцы ў хрысціянскім свеце. У XVII-XVIII стагоддзях спісы, або копіі, абраза разышліся па многіх краінах Еўропы.
У 1664 г. адзін з гэтых спісаў быў перададзены ў драўляны езуіцкі касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гродне. З таго часу Маці Божая Снежная стала апякункай гродзенскай кангрэгацыі марыянаў, а абраз пачалі называць Кангрэгацкім або Студэнцкім. У 1686 г. абраз быў прызнаны цудатворным, у 1705 г. усталяваны ў студэнцкай капліцы новапабудаванага гродзенскага фарнага касцёла (катэдры), дзе знаходзіцца і сёння. Гродзенская катэдра з’яўляецца малой базылікай і дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Кангрэгацкай. 28 жніўня 2005 г. кардынал Казімір Свёнтэк усклаў на абраз папскія кароны.
Праект маркі быў падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з гродзенскай катэдральнай парафіяй і Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
У аддзяленні паштовай сувязі №25 горада Гродна ў дзень выхаду паштовай маркі ў абарачэнне праводзілася гашэнне канверта першага дня, які можна было адразу набыць.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі