Skip to main content

Санктуарый у Барунах рыхтуецца да каранавання цудадзейнага абраза, па суботах праходзіць навэнна

baryny 2У дыяцэзіяльным санктуарыі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) па суботах на працягу дзевяці тыдняў праходзіць Навэнна да Маці Божай Барунскай – малітоўная падрыхтоўка да каранавання цудадзейнага абраза Панны Марыі, які знаходзіцца ў санктуарыі.

Хоць наведваць барунскую святыню могуць усе ахвотныя ў любы час, кожная з гэтых субот умоўна прызначана для асобнага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі.

У межах падрыхтоўкі да каранавання абраза аддаць пашану і хвалу Маці Божай прыбываюць у Баруны – месца, якое Яна сама сабе выбрала, – вернікі з розных дэканатаў.

Распачалі навэнну вернікі суседняга Ашмянскага дэканату, працягнулі ў арганізаваным і індывідуальным парадку вернікі іншых дэканатаў.

Субота 7 верасня была прызначана для Навагрудскага, Слонімскага і Дзятлаўскага дэканатаў. Сустрэчу з Маці Божай вернікі дэканатаў распачалі малітвай Ружанца, якая здзяйснялася перад цудадзейным абразом і Найсвяцейшым Сакрамэнтам, выстаўленым у манстрацыі.

У прысутных была магчымасць паяднацца з Панам Богам у сакрамэнце пакаяння, адчуць прыгажосць малітвы і блізкасць Панны Марыі, усвядоміць, што той, хто моліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, ніколі не адзінокі, бо разам з ім моляцца Хрыстус і ўвесь Касцёл.

baryny 1

Затым адбылася святая Імша, якая завяршылася навэннай.

У гаміліі на Імшы пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве кс. Андрэй Лішко адзначыў: “Марыя заўсёды чакае і ніколі не стамляецца дапамагаць, клапаціцца пра нас. Маці прагне, каб дзеці былі шчаслівыя. Яна шчаслівая тады, калі шчаслівыя Яе дзеці, і ўсё робіць для гэтага. Нябесная Маці непараўнальная ні з кім. Яна разумее нашыя клопаты і праблемы, нашы няшчасці і беды і кожнаму прагне дапамагчы, заносячы нашы маленні да свайго Сына. Ці можа Сын сказаць Маці “не” і не выслухаць?”

Каранаванне абраза адбудзецца 12 кастрычніка, пачатак у 12.00. Кароны будуць ускладзены на абраз у знак пакланення, удзячнасці за няспынную дапамогу і незлічоныя ласкі, удзеленыя тым, хто ўжо больш за тры стагоддзі з верай і пакорай схіляецца перад цудадзейным абразом. Да доўгачаканай урачыстасці каранавання засталіся яшчэ чатыры суботы, такім чынам усе ахвотныя маюць магчымасць наведаць санктуарый і ўзнесці малітву да Маці Божай, якая заўсёды чакае сваіх дзяцей.

Санктуарый рыхтуецца да ўрачыстасці не толькі духоўна. З ласкі Пана Бога і ахвярнасці тых, хто шануе Маці Божую, святыня прыгажэе: вядзецца мантаж каменных алтароў і амбоны, у прэзбітэрыі кладзецца каменная плітка, адбыўся рамонт у сакрыстыі. Вядуцца работы па добраўпарадкаванню касцёльнай тэрыторыі, зала, дзе праходзяць катэхетычныя заняткі, пасля рамонту чакае дзяцей. Зіхацяць адноўленыя жырандолі, а абраз святых апосталаў Пятра і Паўла аздобіла прыгожая рамка.

Ганна Каханоўская, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі