Літургія Пасхальнай вігіліі з’яўляецца найважнейшай цэлебрацыяй у літургічным годзе. Яна распачынаецца ўвечары ў Вялікую суботу.
Пачынаецца ўсё з літургіі святла. Перад касцёлам святар асвячае агонь, ад якога запальваецца пасхал – сімвал Хрыста. На пасхальнай свечцы святар крэсліць крыж і літары А (альфа) i Ω (амега), якія азначаюць, што на пачатку быў Бог і Ён таксама прыйдзе напрыканцы як міласэрны суддзя.
Святло пасхальнай свечкі мае сваю сімволіку, яна асвятляе цемру цёмнага касцёла. Яна адносіцца да Хрыста, які рассейвае цемру чалавечага жыцця, надаючы яму сэнс, а таксама да стварэння свету, калі ў цемры заблішчала святло. Пасля пасхал заносіцца ў святыню, святар пры гэтым затрымліваецца каля парога, унутры касцёла і перад галоўным алтаром, спяваючы “Святло Хрыста”. Вернікі адказваюць: “Дзякуем Пану Богу”. Усе запальваюць свечкі ад пасхала. Пасля пасхал акаджваецца і спяваецца гімн “Узрадуйцеся ўжо хоры анёлаў, у небе...”, які згадвае ўсе дзеянні збаўлення і яго значэнне.
Падчас літургіі слова чытаецца 9 біблійных чытанняў – 7 старазапаветных, эпістала і Евангелле, якія перамяжоўваюцца рэспансарыйнымі псальмамі і малітвамі.
Пасля апошняга чытання са Старога Запавету і малітвы, святар пачынае гімн “Хвала на вышынях” падчас якога, як і падчас Імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацвер, б’юць званы, грае арган, ляскоткі замяняюцца званкамі і гонгам. Пасля ўрачыстага гімна цэлебрант адмаўляе калекту, затым лектар адчытвае эпісталу, а пазней урачыста спяваецца “Алелюя” і рэспансарыйны псальм. Затым святар чытае Евангелле і абвяшчае гамілію.
Надыходзіць літургія хросту. Падчас яе спяваецца Літанія да ўсіх святых, пасля якой бласлаўляецца вада для хросту, у якую тры разы акунаецца пасхал.
Далей адбываецца Эўхарыстычная літургія падобная на Эўхарыстычныя літургіі кожнай нядзелі.
Літургію Пасхальнай вігіліі кс. бп Аляксандр распачне а 19-й гадзіне абрадам асвячэння агню, ад якога будзе запалены пасхал і свечкі, якія вернікі прынясуць з сабой на ўспамін сакраманту хросту.
На заканчэнне літургіі будзе адноўлена адарацыя Найсвяцейшага сакраманту, якая будзе трываць праз усю ноч да ўрачыстай рэзурэкцыйнай працэсіі.