Skip to main content

Урачыстасць у гонар назарэтанак-мучаніц адзначылі з удзелам біскупа Уладзіміра Гуляя ў лідскай парафіі

lida uraczystosc 114 верасня ў лідскай парафіі св. Юзафа, Рамесніка, і благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц з Навагрудка адбылася парафіяльная ўрачыстасць. У гэты дзень адзначаўся літургічны ўспамін навагрудскіх мучаніц.

На свяце ў гонар нябесных заступніц парафіяльнай супольнасці прысутнічаў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. Іерарх цэлебраваў у парафіі Эўхарыстыю і прамовіў гамілію.

Разважаючы аб жыцці і мучаніцкай смерці навагрудскіх сясцёр назарэтанак, біскуп падкрэсліў, што мерай добрых адносін хрысціяніна да іншага чалавека заўсёды з’яўляецца ахвярная любоў, якая праяўляецца таксама і ў тым, каб прынесці ў ахвяру ўласнае жыццё. Іерарх заахвоціў ісці менавіта такім шляхам веры, заўважаючы Бога ў кожным чалавеку, якому патрабуецца дапамога.

lida uraczystosc 3

Вернікі са свайго боку нагадалі біскупу аб важнасці яго служэння для супольнасці Касцёла, зрабіўшы яму вельмі незвычайны падарунак – геральдычны рыцарскі шчыт-тарч з выявай яго біскупскага герба. Праз гэты старажытны сімвал, які прыпамінае словы апостала Паўла: “Апраніцеся ва ўсю Божую зброю, каб вы маглі супрацьстаяць подступам д’ябла… вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога” (Эф 6, 11; 16), парафіяне пажадалі пастыру Божых ласкаў і глыбокай веры, каб з моцай абвяшчаць Евангелле, змагацца за кожную душу і бараніць Святы Касцёл.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Людміла Віхаценка