24 жніўня ў Лядску (Шчучынскі дэканат) адзначылі 600-годдзе з часу заснавання парафіі святога Станіслава, біскупа і мучаніка.
У юбілейнай урачыстасці, да якой парафія доўга рыхтавалася, разам з мясцовымі вернікамі ўдзельнічалі шматлікія госці, духавенства, законныя сёстры.
Урачыстасць пачалася тэатралізаваным прадстаўленнем, заснаваным на фактах з гісторыі парафіі, якое падрыхтавалі дзеці.
Пробашч кс. Уладзімір Аксенцьеў прадставіў увазе прысутных нарыс гісторыі парафіі, падрыхтаваны дацэнтaм Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргеем Данскіх.
Затым адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Літургію канцэлебравалі каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, больш за 30 прэзбітэраў, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Біскуп Юрый Касабуцкі ў гаміліі нагадаў пра важнасць будаўніцтва адносін з Богам. Іерарх адзначыў, што дапамогай у гэтым служыць парафіяльная супольнасць, у якой кожны чалавек патрэбны і ў якую кожны ўносіць частку сябе.
Біскуп заахвоціў перадаваць наступным пакаленням гісторыю разам з верай, назваўшы апошнюю вялікім дарам.
У канцы Імшы парафіяне падзякавалі гасцям за прысутнасць на свяце. Таксама яны выказалі падзяку свайму душпастыру, адзначыўшы, што той усім сэрцам аддаецца жыццю парафіі і яго старанні спрыяюць таму, каб святыня ў Лядску з кожным годам станавілася прыгажэйшай.
У памяць аб юбілеі адбылося благаслаўленне крыжа, усталяванага ля касцёла, якое здзейсніў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек здзейсніў благаслаўленне абраза святой Вікторыі, панны і мучаніцы.
Пасля літургіі адбыўся святочны канцэрт. Усім ахвотным прапаноўваўся пачастунак ад парафіянаў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі