
На пачатку св. Імшы ксёндз біскуп заахвоціў прысутных вернікаў да малітвы за святароў, за новыя святарскія пакліканні, а таксама за стойкасць у ласцы паклікання да канца жыцця. У сваёй гаміліі Яго Эксцэленцыя звярнуўся да святароў, кажучы:
– Пан патрабуе і нашых рук, нашых вуснаў, нашага цела, каб у ім цярпець. Гэта вялікая таямніца, якую часам вельмі цяжка зразумець. Варта аднак памятаць, што крыж, ахвяра і цярпенне з’яўляюцца праяўленнем нашай любові, яны павінны трывожыць пакліканне, якое нічога не каштуе, не баліць, у якім нічога не памірае. Развіццё чалавецтва – гэта найперш праца над сабой, змаганне з эгаізмам. Будзьма людзьмі надзеі і хрысціянскай радасці. Трэба памятаць, што ў Евангеллі закладзены першапачатковы парадокс: каб знайсці жыццё, трэба яго страціць, каб нарадзіцца, трэба памерці, каб збавіцца, трэба ўзяць крыж. Праўда Евангелля ясная, яна дае надзею і радасць, хоць часам з’яўляецца таксама пярэчаннем. Чалавек ХХІ ст. патрабуе сведчання веры святара. Бенедыкт ХVI чарговы год абвясціў Годам веры, які распачнецца 11 кастрычніка ў 50-ую гадавіну адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабору, а скончыцца 24 лістапада 2013 года на ўрачыстасць Хрыста – Валадару Сусвету. Святы Айцец нагадвае нам, што каб супрацьстаяць спакусам рэлятывізму, не абавязкова, каб святар арыентаваўся ва ўсіх актуальных зменлівых трэндах. Вернікі хутчэй чакаюць, каб ён быў сведкам адвечнай мудрасці, якая плыве з аб’яўленага Слова.
Хрыстос патрабуе святароў, якія будуць сталымі, мужнымі і здольнымі да практыкавання духоўнага айцоўства, даводзіў ксёндз біскуп Аляксандр. На сканчэнне гаміліі Яго Эксэленцыя прывёў словы Бенедыкта XVI, звернутыя да святроў.
У час гэтай св. Імшы святары аднавілі свае святарскія пакліканні, станоўча адказваючы на 5 пытанняў ксяндза біскупа адносна святарскага служэння.
Напрыканцы літургіі айцец д-р Андрэй Шчупал CssR, духоўны айцец святароў дыяцэзіі, звярнуўся з прывітальным словам да прысутных святароў і ксяндза біскупа:
– Як мы чулі ў казанні, святар з людзей узяты і для спраў людзей прызначаны. Таму ад імя ўсіх святароў хачу выразіць падзяку тым людзям, з якіх мы былі ўзятыя. Мы сёння не можам забыць пра нашых бацькоў, бабуль і дзядуль, катэхетаў, людзей, якія перадалі нам скарб веры. Мусім памятаць пра вернікаў, якія за нас моляцца. Нашае святарства не магло б існаваць без ксяндза біскупа, якому мы таксама выказвае шчырую падзяку за духоўнае бацькоўства.
Увечары ў Вялікі чацвер адбудзецца св. Імша Вячэры Пана, якая распачне святы Пасхальны Трыдуум. У гродзенскай катэдры яна распачнецца а 19-й гадзіне.