15 жніўня ў парафіі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Урачыстасць узначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, для якога парафія ў Адэльску з’яўляецца роднай.
Святая Імша цэлебравалася на палявым алтары побач са старадаўнім адэльскім касцёлам і была спалучана з “дажынкамі”.
Пробашч парафіі кс. канонік Віктар Мыслюк прывітаў прысутных і заахвоціў да малітвы.
Арцыбіскуп падкрэсліў у гаміліі, што надзвычайная пашана да Панны Марыі дапамагае лепей зразумець гісторыю збаўлення ва ўсёй паўнаце. Па словах іерарха, хаця гісторыя збаўлення канцэнтруецца на асобе Езуса Хрыста, яна адначасова кажа і пра грэх Адама, а калі Езус – новы Адам, то павінна быць і новая Ева, і як гісторыя грэхападзення няпоўная без Евы, так гісторыя збаўлення няпоўная без Марыі.
Арцыбіскуп нагадаў пра многія кантрасты паміж Адамам і Евай з аднаго боку і Езусам і Марыяй з другога: Бог стварыў Еву з рабра Адама, а Езус атрымаў сваё цела з Марыі; Адам і Ева выступілі супраць Бога, а Езус і Марыя праявілі паслухмянасць; Адам і Ева былі выгнаны з раю, а Езус і Марыя ўвайшлі ў радасць неба.
“Урачыстасць Унебаўзяцця Марыі падкрэслівае праўду аб збаўленні ўсяго чалавека – з целам і душой. Сучаснасць Марыі – гэта будучыня, падрыхтаваная для нас, пры ўмове, што мы будзем браць з Яе прыклад”, – сказаў арцыбіскуп.
Ён заўважыў, што Унебаўзяцце Маці Божай з душой і целам – узнагарода за Яе супрацоўніцтва ў Боскім плане збаўлення, бо без Яе не было б таямніцы Богаўцелаўлення і чалавецтва не атрымала б ласкі збаўлення. “Гэта вельмі важна ў наш час, калі чалавек жыве так, як быццам Бога няма. Ён давярае свайму інтэлекту, развіццю навукі, медыцыны, культуры і г. д., лічыць сябе валадаром свету. Аднак гісторыя не аднойчы паказвала памылковасць такога меркавання”, – сказаў іерарх і прыгадаў у якасці прыкладу “пандэмію каранавірусу, якая паставіла на калені ўвесь свет з яго дасягненнямі”, і “аварыю камп’ютарнай сістэмы Microsoft у ліпені, у выніку чаго ў многіх краінах не працавалі банкі і аэрапорты”.
“Сучасны свет напоўнены рознымі амаральнымі паталогіямі. Хто можа вылечыць яго? Хто дасць адпаведную вакцыну? Адказ адзін – Езус Хрыстус, шлях да якога ўказвае Марыя. Як веруючыя хрысціяне, мы перад сучаснымі выклікамі, якія нішчаць нашу веру, павінны задаць сабе пытанне вялікага англійскага пісьменніка Шэкспіра: “To be, or not to be” – “Быць ці не быць?” Гэта азначае – быць ці не быць хрысціянству? Яно яшчэ будзе мець уплыў на свет ці яго час завяршаецца? Сучасны чалавек хоча будаваць будучыню на падмурку хрысціянскіх каштоўнасцяў ці не? Ад адказу будзе залежаць наша будучыня”, – адзначыў арцыбіскуп.
Ён дадаў, што “нашыя продкі ў часы ваяўнічага атэізму захавалі веру, а мы дабравольна адмаўляемся ад яе і нават высмейваем, як было на адкрыцці Алімпіяды ў Парыжы”.
“Па прыкладу Марыі мы павінны згаджацца з Божай воляй, жыць згодна з духам Евангелля і не дазволіць, каб яго праўда выпарылася з нашага жыцця і наступіла эрозія веры. Як не мы, то хто? Як не сёння, то калі?” – сказаў іерарх.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Юрый Чупрэта