3 жніўня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) адбылася ўрачыстая Імша з удзелам пілігрымаў.
Пілігрымы прыбылі ў гэты дзень да славутай ласкамі фігуры Езуса Журботнага, якая знаходзіцца ў цэнтральным месцы старадаўняй святыні. У санктуарый прыйшла ХХII пешая пілігрымка з Гродна, якая сёлета адбывалася пад дэвізам “Супакой і дабро”. Узначаліў пілігрымку кс. канонік Юрый Марціновіч, удзельнічала ў ёй больш за 300 чалавек з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі, a таксама з Мінска. Прыйшла VIII пешая пілігрымка з Мастоў на чале з дэканам Мастоўскага дэканату кс. Віктарам Ханько. Прыбылі ў індывідуальным парадку пілігрымы з бліжэйшых мясцін, шмат людзей прыехала на ўласным транспарце.
Ксёндз канонік Чэслаў Паўлюкевіч, заўсёды гасцінны кусташ санктуарыя, прывітаў пілігрымаў, шчодра акрапіўшы іх асвячанай вадой, калі яны ўваходзілі ў касцёл, каб пакланіцца Езусу і даверыць Яму свае патрэбы.
Эўхарыстыю, у якой удзельнічалі пілігрымы, цэлебраваў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. На літургіі біскуп маліўся асаблівым чынам за ўсіх прысутных, найперш за тых, хто прыйшоў у пешых пілігрымках. Удзельнікі Імшы звярталіся да Бога са сваімі інтэнцыямі.
У гаміліі біскуп сказаў, што кожны пілігрым, прыходзячы ў гэтае святое месца, акунаецца ў таямніцу пакутаў Езуса Хрыста. Акрамя таго, па словах іерарха, тут людзі акунаюцца перш за ўсё “ў таямніцу Яго вялікай любові, бо, углядаючыся ў Езуса Журботнага, мы вучымся вялікай любові, вучымся прымаць волю Божую, як Ён гэта зрабіў, вучымся прымаць свой крыж штодзённага жыцця”.
Біскуп дадаў, што гэты санктуарый, дзе ён быў ахрышчаны, – асаблівае і выключнае месца для яго, бо тут, як ён адзначыў, заўсёды можна сустрэць жывога Бога – “Бога, які з’яўляецца маім жыццём і крыніцай майго шчасця”.
На думку іерарха, фігура Езуса Жуботнага вельмі красамоўна звяртаецца да сучаснага чалавека. “Нягледзячы на тое, што ў тваім жыцці можа здарыцца, ты ніколі не будзеш самотны, бo з табою заўсёды будзе Бог. Бо Ён крыніца твайго жыцця, крыніца тваёй радасці. Бо калі прыходзіць да чалавека Бог, Ён дае радасць у паўнаце, нават тады, калі мы нясём крыж і нам здаецца, што ён вельмі цяжкі. Бог прыходзіць і кажа: “Не бойся, бо Я з табой, твая сіла – Я, тваё аздараўленне – гэта Маё Сэрца”, – адзначыў біскуп.
Каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі падкрэсліў, што трэба нястомна дзякаваць Богу, бо Ён заўсёды побач і пастаянна нас вядзе. Біскуп заахвоціў кожнага з удзельнікаў урачыстасці адкрываць прысутнасць Бога ў сваім жыцці і дзяліцца ёю з іншымі.
Іерарх падзякаваў усім пілігрымам за прыбыццё ў санктуарый, а таксама выказаў падзяку кусташу за цёплы прыём і гасціннасць.
Пасля Імшы быў час на індывідуальную малітву. Затым адбыліся адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і канферэнцыя.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч