31 ліпеня – 1 жніўня ў Навагрудку адбыліся галоўныя ўрачыстасці з нагоды 81-й гадавіны мучаніцкай смерці манахінь Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
У ноч з 31 ліпеня на 1 жніўня 1943 г., у час Другой сусветнай вайны, у Батароўскім лесе каля Навагрудка адзінаццаць назарэтанак з мясцовага кляштара былі расстраляны гітлераўцамі, аддаўшы сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і асуджаных на смерць.
Прыняць удзел у навагрудскіх урачыстасцях, каб ушанаваць памяць гэтых сведкаў Хрыста, якія прынеслі сябе ў ахвяру за бліжніх, і вучыцца ў іх адважна ісці праз жыццё, прыбыло шмат людзей.
Прысутнічала каталіцкае духавенства і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Па традыцыі прыйшла пешая пілігрымка з Новай Мышы (Пінская дыяцэзія). Упершыню прыйшла пешая пілігрымка з Ліды, у якой удзельнічалі ў асноўным вернікі парафіі св. Юзафа, Рамесніка, і благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц з пробашчам кс. Віталіем Сідоркам.
Удзельнікі ўрачыстасцяў маліліся аб тым, каб яны самі, іх сем’і і супольнасці мелі ласку глыбокай і моцнай веры, адвагі і сапраўднай любові да Бога і бліжніх, маліліся за мір ва ўсім свеце, у кожным доме і сям’і, дзякавалі Пану за дар благаслаўлёных назарэтанак для Касцёла на Гродзеншчыне і Касцёла ва ўсёй Беларусі.
Святая Імша ў межах урачыстасцяў цэлебравалася ў Батароўскім лесе, месцы мучаніцкай смерці навагрудскіх назарэтанак. Узначаліў літургію каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй.
Біскуп адзначыў, што кожны, хто наведвае гэты лес, які стаў месцам трагічных падзей вайны, вымушаны задумацца над тым, якой вялікай можа быць чалавечая нянавісць і наколькі магутнай з’яўляецца любоў Бога, якая гэтую нянавісць перамагае. Іерарх назваў гэтае месца святым, таму што яно захоўвае памяць пра мучанікаў нашай зямлі і Касцёла на Беларусі.
“У сённяшні неспакойны час мучаніцы з Навагрудка паказваюць усяму свету, што малітва, ахвярнае жыццё і клопат пра іншых кідаюць выклік сіле вайны, зла і нянавісці. З гэтага месца мучаніцы вучаць кожнага з нас быць моцным чалавекам. Яны зноў і зноў нагадваюць нам, што хрысціяне перамагаюць не сілай, а верай і любоўю”, – дадаў біскуп.
Каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі заклікаў удзельнікаў урачыстасцяў дзякаваць благаслаўлёным назарэтанкам за сведчанне любові, прыклад хрысціянскага гераізму і даверу моцы Святога Духа. Мучаніцы загінулі, а жыццё засталося, і гэта азначае, што любоў заўсёды з’яўляецца жыццядайнай, сказаў іерарх.
На Імшы біскуп маліўся за прысутных і за ўсіх вернікаў Касцёла на Беларусі, каб любоў перамагла ў іх сэрцах, каб яны былі людзьмі, якія будуюць цывілізацыю жыцця, і баранілі жыццё ад зачацця да натуральнай смерці; маліўся за ўсе сем’і нашай краіны, каб яны былі моцныя Богам і станавіліся ўсё больш падобнымі да Святой Сям’і з Назарэта.
Акрамя таго, іерарх заахвоціў да асаблівай малітвы аб новых і святых пакліканнях да святарства і манаскага служэння, асабліва ў супольнасці назарэтанак, “каб праз служэнне, веру і жыццё святароў і законных сясцёр аднавілася аблічча беларускай зямлі”. Важным момантам літургіі была малітва за ўсе краіны, дзе адбываюцца канфлікты i войны, каб насілле і нянавісць саступілі месца паяднанню і прабачэнню, а праціўнікі знайшлі ў сабе мудрасць і адвагу для мірнага вырашэння ўсялякіх спрэчак.
Затым у навагрудскім дыяцэзіяльным санктуарыі благаслаўлёнай сястры Стэлы і дзесяці яе паплечніц, у саркафагу якога змешчаны іх рэліквіі, пачалося начное малітоўнае чуванне. У яго праграме былі канферэнцыя, Вяночак да благаслаўлёных сясцёр-мучаніц у інтэнцыі сем’яў, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Крыжовы шлях.
У 4.30, прыблізны час расстрэлу назарэтанак-мучаніц, адбылася святая Імша, якая завяршыла ўрачыстасці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі