Skip to main content

Рэкалекцыі на тэму любові ў гродзенскай катэдры

Айцец Пётр Белевіч OMI з парафіі св. Апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно з Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі прыехаў у Гродна, каб правесці велікапосныя рэкалекцыі для вернікаў парафіі Францішка Ксаверыя. Цягам трох дзён (2-4 красавіка) катэдра была запоўнена гродзенцамі, якія прыйшлі паслухаць казанні а. Пятра, які за агульную тэму рэкалекцый абраў паняцце Божай любові.

Любоў Пана Бога, любоў, якую Ён праяўляе праз свайго Сына Езуса Хрыста, праз Яго крыж – вось, што з’яўляецца надзённай тэмай, – казаў а. Пётр. – У 21-м стагоддзі мы перастаём верыць у любоў – увогуле ў якую-небудзь любоў. Людзі веры сумняваюцца, а Езус, так па-людску гаворачы, даказаў, што ёсць сапраўдная любоў. Каб аднавіць любоў, нам трэба абавязкова глядзець на крыж Пана Езуса. Толькі там можна вучыцца любові. Любоў павінна быць нормай жыцця. Мы павінны ахвяраваць сябе дзеля іншага, як бы зацёрта не гучалі гэтыя словы. Вельмі часта мы кахаем сябе ў іншым чалавеку і называем гэта сапраўдным пачуццём. Каханне, любоў – гэта калі мы імкнемся зрабіць штосьці добрае для іншага чалавека. Любоў павінна быць дабравольным дарам для іншага.

Увечары 2 красавіка пасля вячэрняй св. Імшы была навука для дзяўчат і жанчын. Катэдра была поўная. А. Пётр распавядаў пра сужэнскую любоў і здрады, пра аборты, пра тое, што такое быць жанчынай у хрысціянскім значэнні гэтага слова.

Не менш прыйшло на вячэрнюю навуку ў аўторак 3 красавіка і мужчын, якім рэкалекцыяніст казаў пра значэнне мужчыны як бацькі.

Я так і казаў бацькам ці маладым хлопцам, якія будуць бацькамі. Вы павінны рабіць так, каб вашае дзіця мела цудоўны вобраз Нябеснага Айца, а не скрыўлены вашым п’янствам, злосцю, нявернасцю. Вам не трэба даказваць, што вы мацнейшыя за жонак ці дзяцей. Вы і так псіхічна і фізічна мацнейшыя. Адзін раз сказаўшы дзіцяці “Ты дурань”, вы паўплываеце на тое, што вашае дзіця ўсё жыццё не будзе сябе цаніць. А моц вашага слова ці жэста такая вялікая, што калі вы скажаце дзіцяці добрае слова, яно ўсё жыццё будзе паднятае, будзе цаніць і іншых людзей.

Сёння, 4 красавіка, у апошні дзень рэкалекцый увечары адбудзецца навука для моладзі і маладых сужанцаў.

Напрыканцы рэкалекцый а. Пётр нагадаў пра важнасць удзелу ў Пасхальным Трыдууме:

Я з’язджаю ў сваю парафію, але для вас рэкалекцыі на гэтым не заканчваюцца. Будзе яшчэ Вялікі чацвер, Вялікая пятніца і субота, калі можна ў малітоўным разважанні засяродзіцца і падумаць, чым для вас з’яўляецца любоў. Ці любіце вы па-сапраўднаму?

Здымак з ctv.by