Раніцай 13 ліпеня ў межах дыяцэзіяльных урачыстасцяў у санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася святая Імша, на якой сабраліся святары і законныя сёстры, якія сёлета адзначаюць юбілей з часу прэзбітэрскага пасвячэння ці прынясення манаскіх абяцанняў.
Літургію ўзначаліў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, які сёлета таксама адзначае 25-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння. Разам з іншымі юбілярамі іерарх меў магчымасць яшчэ раз выказаць Богу праслаўленне і падзяку за дары святарства і манаскага жыцця, за гады прабывання на дарозе служэння ў Касцёле.
У гаміліі біскуп засяродзіўся на тэме прысвячэння свайго жыцця іншым у таямніцы святарскага і манаскага пакліканняў.
“Сёння перад тронам Маці Божай Тракельскай, нашай Каралевы, Маці святароў, мы хочам сказаць і засведчыць, што працягваем стаяць на гэтым шляху прыпадабнення да Яе Сына, а нашага Пана, Найвышэйшага Святара Езуса Хрыста”, – сказаў іерарх.
Біскуп адзначыў, што можна заўважыць, як змяняецца разуменне таямніцы святарства. Па яго словах, чвэрць стагоддзя таму вучылі, што святарства – гэта пасрэдніцтва, “што мы павінны стаць паміж людзьмі і Богам”, цяпер жа “ідэя пасрэдніка заменена ідэяй пасланніцтва”, сучасная тэалогія акрэслівае прэзбітэрат як пасланне, заданне, служэнне.
“Ёсць шмат відаў дзейнасці, якія ўспрымаюцца як служэнне, напрыклад, настаўнік ці ўрач. Таксама і сужэнства з’яўляецца прысвячэннем сябе для іншага. Што ж адрознівае святарства ад іншых форм пасланніцтва? Яно датычыць Божых спраў, таму адносіцца да найглыбейшай чалавечай сферы – адносін са спрадвечным Богам. Святар служыць чалавеку, каб у таго было вечнае жыццё”, – патлумачыў біскуп.
Ён дадаў, што выраз “вечнае жыццё” азначае не толькі жыццё без заканчэння, але і жыццё ў паўнаце шчасця, а таксама што “толькі Бог можа супакоіць сэрца чалавека і напоўніць яго тым сэнсам, які патрэбны кожнаму для шчасця”.
Іерарх адзначыў, што духоўную сілу святарам дае сам Езус, які просіць за іх свайго Нябеснага Айца і тлумачыць, як пазнаць Бога. Кажучы пра пазнанне Трыадзінага Бога, біскуп заўважыў, што яно адбываецца праз блізкасць з Езусам. Для такога пазнання, па словах іерарха, важнае не толькі здабыццё адпаведнай колькасці інфармацыі, але і вельмі канкрэтная асабістая сувязь, сувязь любові.
“Калі я ўпускаю кагосьці ў сваё сэрца, то станаўлюся за яго адказны. Святарства – менавіта такая адказнасць за нябачнага Бога перад бачным светам”, – сказаў біскуп.
Ён нагадаў, што святары “не толькі кормяць саміх сябе вечным жыццём, але і памнажаюць яго і ўдзяляюць іншым”, “штодзённа трымаюць у руках жывога Бога”. Святая Імша, па словах біскупа, з’яўляецца такой незвычайнай і паспяховай малітвай таму, “што з намі і за нас моліцца сам Пан Езус”.
Кажучы пра тое, што найчасцей у святару бачаць таго, хто адмовіўся ад сям’і і не хоча ўкараняцца ў гэтым свеце, біскуп адзначыў, што гэтыя адмаўленні – “нішто ў параўнанні з тым, што Езус нам паабяцаў”. “Мы сапраўды адчуваем сяброўства з Хрыстом. Таму сёння стаім з вялікай удзячнасцю ў гэтым месцы і ўспамінаем год, калі прынялі пасвячэнне”, – дадаў ён.
Іерарх звярнуў увагу святароў і кансэкраваных асобаў на тое, што сёння ім трэба “зноў угледзецца ў Езуса”, “сказаць пра свой давер Яму і ўзнавіць сваю поўную адданасць”. Біскуп падкрэсліў, як важна святарам быць “клапатлівымі пастырамі, слугамі, без рэшты адданымі служэнню, Божымі вар’ятамі, здольнымі адкрыта і радасна прапаведваць і несці добрую навіну ўбогім”. “Веру, што мы і далей будзем ісці шляхам, на які нас паклікаў Хрыстус”, – сказаў ён.
Каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў усім свецкім вернікам за малітву ў інтэнцыі святароў і кансэкраваных асобаў, папрасіў вернікаў працягваць падтрымліваць іх гэтай малітвай і спадарожнічаць іх жыццю.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі