Уначы 13 ліпеня ў межах адпустовых урачыстасцяў у дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася Імша пастэрка, якую ўзначаліў дапаможны біскуп архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Мікалай Дубінін.
Іерарх прыбыў на ўрачыстасці з групай пілігрымаў з розных месцаў Расіі, каб памаліцца разам з беларускімі католікамі.
Літургія традыцыйна пачалася працэсіяй па Тракелях. Удзельнікі працэсіі неслі свечкі і копію абраза Маці Божай Тракельскай, спяваючы ў гонар Багародзіцы i молячыся Ружанец.
На Імшы сабралося шмат святароў з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі, законныя сёстры, свецкія вернікі з нашай краіны і з-за мяжы, якія прыбылі пакланіцца Маці Божай і прадставіць Ёй свае просьбы.
Таксама ў Эўхарыстыі ўдзельнічалі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Перад пачаткам Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч, як гаспадар урачыстасцяў, сардэчна прывітаў усіх прысутных. Іерарх нагадаў, што сёлетнія ўрачыстасці праходзяць у 15-ю гадавіну каранавання абраза Маці Божай Тракельскай і ў Год малітвы, каб прасіць Божую міласэрнасць аб міры і адначасова старацца быць прыладамі міру ў сваім асяроддзі.
“Мы хочам разам дзякаваць Марыі за Яе нястомную апеку над нашымі сем’ямі і нашай краінай, а таксама прасіць Яе працягваць абараняць нас ад усяго, што падзяляе нас”, – сказаў біскуп.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў усіх прысутных да супольнай малітвы, “каб сапраўды адчуць моц Божай ласкі, якая сыходзіць на нас праз рукі Марыі, Каралевы нашых сем’яў”.
Біскуп Мікалай Дубінін у гаміліі заўважыў, што ўсе ўдзельнікі гэтых урачыстасцяў прыбываюць у Тракелі “як адна вялікая сям’я”, каб “напаўняць свае сэрцы радасцю ў Богу, калі нашы справы і сумненні становяцца маленькімі, адыходзяць на другі план”.
Біскуп звярнуў увагу на дэвіз сёлетніх тракельскіх урачыстасцяў, мэта якога – дапамагчы ўсвядоміць, што Найсвяцейшая Панна Марыя – Каралева ўсіх людзей.
“Гэта важны напамін нам. У кожнага з нас ёсць каралеўская годнасць. У нас на галовах няма каронаў і не павінна быць, як не было і ў Марыі, бо ў Яе сэрцы была пакора перад Божай веліччу”, – сказаў іерарх, дадаўшы, што Маці Божая “вучыць быць пакорнымі і чыстымі, як была Яна сама”.
У сувязі з гэтым, па словах біскупа, задача кожнага хрысціяніна – “асвятляць свет і дзяліцца святлом з іншымі”, а таксама “адчуць сябе часткай каралеўскага народу”.
У канцы гаміліі іерарх заклікаў імкнуцца быць міратворцамі, адзначыўшы, што гэтаму вучыць Панна Марыя, якая рада кожнаму чалавеку, не зважаючы на яго нацыянальную прыналежнасць і на тое, што ўсе людзі розныя.
Удзельнікі Імшы маліліся асаблівым чынам за ўсе сем’і, аб тым, каб у кожным доме валадарылі Езус Хрыстус і Яго Маці, Каралева ўсіх людзей, і каб хрысціянскія каштоўнасці перадаваліся наступным пакаленням. Таксама маліліся аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле і аб жаданым для ўсяго свету міры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі