12 ліпеня ў межах святкавання Тракельскага фэсту, які праходзіць у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з дакладам “Марыя – наша Каралева”.
У дакладзе арцыбіскуп нагадаў пра атрыманне тракельскім касцёлам статусу санктуарыя Каралевы нашых сем’яў, што адбылося 30 гадоў таму, і каранаванне цудадзейнага абраза Маці Божай Тракельскай, з часу якога адзначаецца 15 гадоў. Ён падкрэсліў, што дзякуючы гэтым гістарычным падзеям асаблівым чынам быў ушанаваны цудадзейны абраз Божай Маці, які наш народ праслаўляе ў гэтым месцы больш за 400 гадоў.
Па словах іерарха, тытул Марыі Каралевы вельмі важны сёння, калі паняцці “кароль” і “каралева” ўспрымаюцца як нешта архаічнае і калі з’явілася новае значэнне слова “кароль”: каралямі цяпер называюць зорак кіно, сцэны, спартсменаў, знакамітасцяў, палітыкаў, інфлюэнсераў, музыкантаў і да т.п.
Арцыбіскуп звярнуў увагу, што з Езусам, Валадаром сусвету, і Найсвяцейшай Паннай Марыяй, нашай Каралевай, сітуацыя іншая.
Ён нагадаў, што айцы Касцёла з IV стагоддзя выкарыстоўвалі каралеўскі тытул Марыі з мэтай падкрэсліць як годнасць Маці Езуса, так і Яе ўдзел у Яго каралеўскай уладзе і збаўленні чалавецтва. Вялікім імпульсам у развіцці каралеўскага культу Марыі стаў Эфескі Сабор 431 г., які надаў Ёй тытул Багародзіцы. Тытул Марыі Каралевы таксама займае асаблівае месца ў літургіі і народнай пабожнасці.
Каб лепш патлумачыць значэнне каралеўскага тытулу Маці Божай, арцыбіскуп засяродзіўся на біблійным, патрыстычным, традыцыйным, касцёльна-настаўніцкім, літургічным і пастырскім аспектах каранавання цудадзейных абразоў.
Ён адзначыў, што каранаванне выяваў Езуса і Марыі – сімвалічны акт, які вельмі красамоўны сам па сабе і ўводзіць у сферу боскай таямніцы вечнай радасці ў небе. Каранаванне выявы Божай Маці не павялічвае Яе нябеснай славы, а дапамагае скіраваць наш позірк у неба, дадаў іерарх.
Па словах арцыбіскупа, пасля каранавання абраза Маці Божай Тракельскай распачаўся новы этап дзейнасці гэтага санктуарыя, куды спяшаюцца пілігрымы з Беларусі і замежжа. Тут праходзяць адмысловыя рэкалекцыі і конкурсы, сюды прыязджаюць розныя малітоўныя групы, дарослыя, моладзь, дзеці. Спрыяе гэтаму і хараство тэрыторыі вакол санктуарыя, якая становіцца прыгажэйшай з кожным годам і прыцягвае да сябе людзей – веруючых і няверуючых, многія з якіх менавіта дзякуючы гэтай навакольнай прыгажосці знаходзяць шлях да веры.
Арцыбіскуп дадаў, што вельмі насычаная дзейнасць тракельскага санктуарыя сведчыць аб яго запатрабаванасці і жывучасці. З году ў год санктуарый набывае ўсё большае агульнакасцёльнае, міжканфесійнае і міжнароднае значэнне і з’яўляецца знакавым для ўсяго беларускага грамадства.
“Для Марыі служыць Яе Сыну Езусу Хрысту азначае панаваць. Праз служэнне, дапамогу і прыклад жыцця Яна з’яўляецца духоўным компасам для вернікаў, якія стараюцца знайсці ўласную каралеўскую ідэнтычнасць дзяцей Божых у барацьбе са злом і ў хрысціянскім служэнні любові. Пры гэтым каралеўства Марыі не робіць Яе недаступнай для простых людзей манархіняй, а той, якая хоча служыць, каб усе людзі маглі паўнавартасна ўдзельнічаць у каралеўстве Яе Сына Езуса Хрыста”, – сказаў іерарх.
У канцы даклада арцыбіскуп звярнуўся да Маці Божай наступнымі словамі: “Марыя, мы Твае, і ўсё, што маем, Тваё. У лёсавызначальны час нашай гісторыі кіруй намі і выкарыстоўвай так, каб нашае жыццё наблізіла Тваю перамогу дабра над злом. З Табою мы адважна ідзём у заўтрашні дзень, напоўнены Божай ласкай і Тваёй апекай. У сваім тракельскім абразе будзь для нас Збаўленнем гродзенскага і беларускага народа”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі