Skip to main content

Гара Крыжоў у Ашмянах

- Перажываць шлях, які прывёў Езуса да смерці на крыжы і да хвалебнага Уваскрасення, азначае адкрываць надзею і радасць, таму што з тых падзей нарадзілася жыццё для ўсіх людзей, – сказаў ксёндз дзекан Ян Пузына на пачатку Крыжовага шляху. Штогод у Вербную нядзелю з парафіяльнага касцёла св. Міхала Арханёла ў Ашмянах працэсія з некалькі тысяч парафіян вырушае вуліцамі горада на францішканскі ўзгорак.

Падчас гэтай пілігрымкі вернікі нясуць драўляны крыж, які для кожнага хрысціяніна з’яўляецца сімвалам болю, цярпення, смутку, мукі. На шляху 14 стацый, тэксты да якіх рыхтуюць парафіяне; на алтарыкі, засланыя белымі абрусамі, ставяцца крыж і свечкі. Напрыканцы Крыжовага шляху на францішканскі ўзгорак ставяць крыж. Кожны, хто ўдзельнічае ў гэтым набажэнстве, падыходзіць да крыжа, цалуючы яго і просячы ў Бога прабачэння за свае грахі.

Гэтая нібыта пілігрымка да Ашмянскай “Галгофы” сёлета адбылася ў 19 раз, а таму тут паўстае Ашмянская Гара Крыжоў.

Кс. Валеры Аброшка