Skip to main content

“Марыя – наша Каралева”: у тракельскім санктуарыі пачаліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці

prihod piligrimy 712 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) пачаліся дыяцэзіяльныя адпустовыя ўрачыстасці.

Сёлета ўрачыстасці праходзяць пад дэвізам “Марыя – наша Каралева” і ў іх межах адзначаецца юбілей 15-годдзя з часу каранавання цудадзейнага тракельскага абраза. Кардынал Казімір Свёнтэк усклаў на абраз папскія кароны 5 ліпеня 2009 года.

Апоўдні ў санктуарый, дзе ў прыгожай старадаўняй драўлянай святыні захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках, ля якой схіляе калені святы каралевіч Казімір, пачалі прыбываць пешыя пілігрымкі. Сярод іх самая вялікая – з Гродна, у складзе якой 300 чалавек і якая за шэсць дзён пераадолела больш за 150 км.

prihod piligrimy 8

Прыйшлі ў пешых пілігрымках таксама вернікі ўсіх парафій Іўеўскага дэканату, вернікі з Навагрудка, Дзятлава, Воранава, Германішак, Ліды i іншых месцаў, праз заступніцтва Тракельскай Пані даручаючы Богу свае патрэбы, несучы ў санктуарый свае інтэнцыі і просьбы.

Вітаючы пілігрымаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што сціплая тракельская святыня – дом Маці Божай, таму кожны адчувае сябе тут добра, як ва ўласным доме.

“Бо дом маці – гэта таксама заўсёды дом яе дзяцей: гасцінны, утульны, цёплы, бяспечны, проста найцудоўнейшы ў свеце”, – дадаў іерарх.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заклікаў пілігрымаў прасіць Найсвяцейшую Маці аб ласцы моцнай, поўнай даверу, непахіснай веры для сябе і сваіх блізкіх.

Узгадваючы пра дэвіз сёлетніх урачыстасцяў, біскуп падкрэсліў, што Панна Марыя – Каралева чалавечых сэрцаў і хоча падтрымліваць кожнага ў штодзённых змаганнях, прыходзіць з дапамогай у цяжкасцях. Таму, па яго словах, “трэба адвесці Ёй належнае месца ў нашым жыцці, нашых сем’ях, нашым грамадстве і краіне”.

“Яна будзе Каралевай настолькі, наколькі мы ўслухоўваемся ў Яе голас і наколькі будзем даручаць Ёй наша жыццё, а не толькі ўшаноўваць Яе ў прыгожых абразах, – сказаў біскуп. – Калі мы хочам, каб Яна, як Каралева, вяла нас па ўзбураных хвалях сённяшняга свету, то мусім дазволіць Ёй валадарыць у нашых сэрцах”.

Іерарх папрасіў пілігрымаў, каб яны акрамя малітваў ва ўласных інтэнцыях памаліліся аб новых, шматлікіх і святых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.

Таксама ён папрасіў памаліцца ў інтэнцыі ўсіх духоўных асобаў – аб святасці для іх і аб тым, каб яны былі для людзей сапраўднымі праваднікамі ў веры, і аб міры ва ўсім свеце i ў кожнай сям’і – каб любоў перамагла ўсе падзелы, спрэчкі і неразуменне, каб паўсюль былі адзінства і згода.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі