
Працэсія з ксяндзом біскупам Аляксандрам, святарамі, манаскімі сёстрамі з розных супольнасцей, клерыкамі ВДС, моладдзю, дзецьмі і вернікамі старэйшага ўзросту нагадала ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем. Як і тысячагоддзі таму, мноства людзей узнялі ўпрыгожаныя галінкі дрэў, праслаўляючы і вітаючы Хрыста. Перад пачаткам працэсіі ксёндз біскуп асвяціў вербачкі і вернікі рушылі праз плошчу да катэдры, спяваючы рэлігійныя песні.
На пачатку працэсіі ксёндз біскуп прапанаваў духоўна далучыцца да Бенедыкта XVI, які на плошчы св. Пятра цэлебраваў св. Імшу з удзелам моладзі падчас 27-га Дня моладзі. “Радуйцеся заўсёды ў Пану” – дэвіз сёлетняга Сусветнага дня моладзі. Пост – гэта час падрыхтоўкі да сустрэчы ўваскрослага Хрыста ў сваім сэрцы. Апошні тыдзень Вялікага посту распачынаецца з Пальмовай нядзелі, якая хоць і распачынае час смутку над мукамі і смерцю Хрыста, але разам з тым напаўняе душу хрысціяніна светлай радасцю – бо ў канцы журботнага тыдня мы сустрэнем светлае і радаснае Уваскрасенне Хрыстова.
Кожная парафія падрыхтавала вялікія вербы з галінак туі ці елкі, упрыгожаныя кветкамі, стужкамі, малюнкамі і надпісамі. Спевамі ў працэсіі кіравала моладзь з францішканскай парафіі.
Пасля ўдзельнікі працэсіі накіраваліся ў катэдру на ўрачыстую св. Імшу. У гаміліі ксёндз біскуп Аляксандр звярнуўся да моладзі. Згадваючы, што распачынаецца перыяд Вялікага тыдня, ксёндз біскуп прапанаваў кожнаму адказаць сабе на пытанне: як перажываць сваю маладосць з Хрыстом у Яго Касцёле? Яго Эксцэленцыя ўзгадаў пасланне Бенедыкта XVI з нагоды Сусветнага дня моладзі, у якім Святы Айцец запрашае да адкрыцця сэнсу хрысціянскай радасці.
Напрыканцы літургіі ксёндз біскуп заахвоціў моладзь да ўдзелу ў набажэнствах Пасхальнага Трыдууму, каб радасць Вялікадня была поўнай і чыстай:
– Таксама дзякую ўсім Вам за ўдзел у гэтай працэсіі з вербамі, якія штогод вельмі прыгожыя, а сёлета, напэўна, найпрыгажэйшыя. Але перш за ўсё пыгожымі павінны быць нашыя сэрцы.
Літургію сваім спевам упрыгожваў семінарыйны гурт „AVE”, які разам з вернікамі праслаўляў Бога цудоўнымі песнямі.