30 мая Эўхарыстыяй у катэдры св. Францішка Ксаверыя распачалося ў Гродне святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста – адной з самых важных у Касцёле.
На святой Імшы сабралася вялікая колькасць вернікаў з усіх парафій горада. Узначаліў літургію біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, канцэлебравалі яе каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй і духавенства гродзенскіх парафій.
Сярод удзельнікаў літургіі былі дзеці, якія сёлета прыступілі да Першай Камуніі.
У пачатку Імшы біскуп Гродзенскі адзначыў важнасць гэтага дня, калі вернікі праслаўляюць Езуса Хрыста, вучацца любові, утвараюць супольнасць паўсюднага Касцёла.
Біскуп Уладзімір Гуляй у гаміліі прапанаваў падумаць у гэтую ўрачыстасць аб тым, якія скарбы пакінуў людзям Езус Хрыстус у каштоўнай спадчыне – Эўхарыстыі. Першым з гэтых скарбаў іерарх назваў Найсвяцейшае Сэрца Езуса – “месца, якое абрала сабе любоў”.
“Маючы гэта Сэрца, мы валодаем крыніцай усякага суцяшэння і супакою, бяздоннай міласэрнасцю і скарбніцай усіх багаццяў Бога”, – сказаў біскуп. Па яго словах, Сэрца Езуса не толькі дае ўсё, што можа паслужыць суцяшэнню і дабру людзей, але і злучае ў сабе з любоўю ўсемагутнасць. Іерарх падкрэсліў, як важна спяшацца да Найсвяцейшага Сакрамэнту, да Сэрца Езуса заўсёды, калі чалавек адчувае сябе слабым, змучаным, мае патрэбу ў дапамозе.
Таксама біскуп назваў непараўнальным багаццем, атрыманым у спадчыну ад Пана ў Эўхарыстыі, Ягоныя мукі і смерць. “У святой Імшы Сэрца Езуса нібы зноўку пранізваецца за нас дзідай, як аднойчы гэта здарылася на крыжы. Тут мы ў чарговы раз знаходзім нагоду, каб уславіць вялікія справы Божыя. Паводле Яго спрадвечнага Провіду, Ён захацеў адкупіць свет не толькі праз жыццё, вучэнне, прыклад і цуды ўцелаўлёнага Богачалавека, але, перш за ўсё, праз Яго мукі і смерць. І як наш Збаўца застаецца ў Эўхарыстыі сярод нас Сваім жыццём, словам і вучэннем, так Ён захацеў застацца сярод нас і Сваёй смерцю; у Сваёй любові захацеў таямніча падоўжыць Сваю смерць у святых Імшах, каб адкупленне ва ўсіх сваіх наступствах стала даступна людзям усіх часоў”, – патлумачыў іерарх.
Такім чынам, дадаў ён, становіцца зразумела, якім таямнічым, ласкавым набажэнствам з’яўляецца Імша – “самая вялікая скарбніца ў свеце, невычэрпнае мора Божай ласкі, крыніца ўсякага зямнога блаславення”. Яна “напаўняе нябёсы радасцю і захапленнем, прыносіць суцяшэнне і збаўленне ў чысцец і напаўняе зямлю паўнатой Божых дароў”.
Па словах біскупа, веліч і славу Эўхарыстыі “можна ўбачыць на прыкладзе таго дзеяння, якое святая Камунія здзяйсняе на цела і душу чалавека, калі толькі мы годна яе прымаем”: “у ёй наша цела становіцца святыняй самога Бога, а наша сэрца – Божым тронам”, цела “знаходзіць насенне неўміручасці, вяртае ператворанае вечнае жыццё”, а для душы “прыгатавана лепшае лякарства, якое засцеражэ яе ад смерці граху, вылечыць злыя заганы, дасць ёй смак і сілу да ўсякага дабра і рост ва ўсіх цнотах”.
Самай дзіўнай праявай Эўхарыстыі біскуп назваў тое, “што мы, бедныя стварэнні, у святой Камуніі прымаем удзел у боскім жыцці Езуса Хрыста, мы нібы абожваемся”.
“Магутны Бог – Уладар сусвету, жывы Бог, прыходзіць на нашы алтары, каб даць нам сваю моц і ласку, каб мы заўсёды перамагалі зло дабром!” – падкрэсліў біскуп. Ён заклікаў кожнага з удзельнікаў Эўхарыстыі ахвяраваць Езусу, вызнаючы Яго ў постаці хлеба нашым Выбавіцелем, сваё жыццё, “бо толькі разам з Ім яно набывае сапраўдную вартасць і сэнс”.
Пасля Імшы пачалася эўхарыстычная працэсія вуліцамі горада. Для гэтага загадзя былі падрыхтаваны чатыры алтары: насупраць катэдральнага, пабрыгіцкага, пабернардынскага і францішканскага касцёлаў.
На кожным прыпынку гучалі ўрыўкі з Евангелля. Паколькі ў Гродне жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, Евангелле чыталася на розных мовах: беларускай, рускай, польскай, літоўскай і англійскай.
Працэсію ўпрыгожыла і зрабіла больш урачыстай музычнае суправаджэнне дыяцэзіяльнага хору “Cantate Domino” i духавога аркестру.
У канцы святкавання, якое завяршылася на ўзгорку перад францішканскім касцёлам, біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім, хто клапаціўся пра тое, каб яно прайшло годна і бяспечна. Словы падзякі іерарх выказаў таксама мясцовым уладам за дадзеную магчымасць для працэсіі прайсці па вуліцах Гродна.
У працэсіі ўдзельнічалі некалькі тысяч чалавек. Яна стала для іх нагодай запрасіць Езуса заўсёды быць з імі, публічна і без страху пацвердзіць Яго панаванне над іх жыццём, дапамагла ім успомніць, што кожны член Касцёла павінен быць жывой манстранцыяй Хрыста, павінен станавіцца хлебам і віном, каб несці ў свет пасілак сваёй веры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі