Як распавёў духоўны айцец семінарыі кс. Тадэвуш Крыштопік, галоўная мэта рэкалекцый – дапамагчы зразумець маладым людзям сваё жыццёвае пакліканне. Паўдзельнічаць у рэкалекцыях выказала жаданне 12 хлопцаў ва ўзросце ад 15 гадоў з розных мясцовасцей Гродзеншчыны.
Св. Іеранім выдзяляў наступныя 4 тыпы пакліканняў да Божай службы:
- пакліканыя выключна Богам, які аб’явіў ім Сваю волю якімсьці спецыяльным спосабам (напрыклад, Маісей, прарок Іерамія) – гэта надзвычайны шлях паклікання;
- пакліканыя Богам з дапамогай людзей (дзякуючы прыкладу жыцця, парадам святара, веруючых людзей, праз жыццёвыя абставіны) – гэта звычайны шлях паклікання;
- не пакліканыя Богам, але знайшоўшыя спосаб, каб быць залічанымі да пакліканых – здабылі прыхільнасць людзей і здолелі пераканаць іншых, што яны пакліканыя;
- не пакліканыя ані Богам, ані з дапамогай людзей – самі выдумалі сваё пакліканне і лічаць сябе пакліканымі, падае сайт Вышэйшай духоўнай семінарыі.
Каб не памыліцца ў выбары свайго жыццёвага шляху, трэба ўважліва слухаць Божае Слова, параўноваць яго са сваім жыццём, каб адкрыць і зразумець Божы план адносна сябе, да чаго запрашае мяне Бог, чаму я хачу ісці менавіта гэтым шляхам. Хлопцы будуць слухаць канферэнцыі, маліцца ў цішыні, удзельнічаць у св. Імшах, удзельнічаць у разважаннях Божага слова, сустракацца ў групах, размаўляць са святарамі. Рэкалекцыі будуць праводзіць святары-выкладчыкі ВДС.
На заканчэнне рэкалекцый запланаваны ўдзел ва ўрачыстай працэсіі з вербачкамі вуліцамі Гродна і ў Святой Імшы пад кіраўніцтвам ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча ў гродзенскай катэдры.