Skip to main content

Містэрыя “Крыж Жыцця” ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне

Крыж – страшная шыбеніца, жахлівы інструмент пакарання смерцю вязняў, стаў праз смерць Езуса Хрыста знакам здзіўляючай і незразумелай любові Бога да чалавека, знакам нашай надзеі, перамогі жыцця. Каля гэтага Знака Тэатр ім. Яна Паўла ІІ, у якім удзельнічаюць дзеці і моладзь з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы, сабраў у нядзельны вечар 18 сакавіка вернікаў з усёй парафіі. Наступная пастаноўка містэрыі для ўсіх ахвотных адбудзецца ў Пальмовую нядзелю 1 красавіка ў 19.30 на Дзевятоўцы.

Памыліўся б той, хто хацеў бы замкнуць крыж у гістарычнай падзеі. Грубыя скрыжаваныя бэлькі і надпіс колеру крыві “Крыж Жыцця”, а таксама чарговыя стацыі чалавечага жыцця, параўнаныя са станцыямі метро, якія датычаць розных людскіх цярпенняў – людскіх крыжоў.

Гэтыя крыжы абуджаюць пратэст, нараджаюць роспач і бунт. Але між тым, на кожным этапе чалавечага жыцця яны набліжаюць да мэты, як асобныя станцыі метро. Гэтай мэтай з’яўляецца дом – дом нябеснага Айца, абсалютная любоў, вечнасць жыцця. У гэтым крыжовым падарожжы кожнага чалавека, на кожнай станцыі “метро” мінучага жыцця, прысутнічае Езус Хрыстус, які чалавечым пакутам надае вымярэнне і вартасць свайго Крыжа – пракляцце пакут перамяняе ў любоў і жыццё. Нават смерць поўная надзеі, найвялікшай магчымасці самаадданасці, адорвання, даверу: “Ойча, даруй ім…”, “Ойча, у Твае рукі павяраю дух мой”.

Недарэчны “крыж жыцця” кожнага чалавека можа ператварыцца ў “Крыж Жыцця”, бо Сын Божы першы прайшоў праз боль крыжа, увесь час перажывае яго ў сваіх братах і, калі мы захочам крыж свайго жыцця несці з Ім, мы дабяромся да апошняй станцыі метро, да станцыі “Жыццё”, на якой гучыць прабачальнае, пераможнае і радаснае “Алелюя”.

Гледачы містэрыі выразілі сваё глыбокае ўзрушэнне гучнымі апладысментамі і, перакананыя, што Хрыстос прысутны ў кожным людскім цярпенні, адказалі на просьбы маладых творцаў Містэрыі “Крыж Жыцця” грашовымі ахвярамі на рэабілітацыю маленькага Яўгена.

а. Станіслаў Станеўскі CSsR