Skip to main content

У адпустовую ўрачыстасць арцыбіскуп Кандрусевіч асвяціў алтары ў гродзенскім пабрыгіцкім касцёле

oltary brigidki 148 красавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у гродзенскім пабрыгіцкім касцёле арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў два новых бакавых алтара – у гонар святой Брыгіты і благаслаўлёных навагрудскіх мучаніц-назарэтанак.

Асвячэнне было здзейснена на Эўхарыстыі, якую ўзначаліў арцыбіскуп у гэтай парафіі ў яе адпустовую ўрачыстасць. Імшу разам з ім цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У ёй удзельнічалі святары, сёстры з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, шматлікія вернікі.

Усіх прысутных прывітаў рэктар касцёла кс. канонік Антоні Грэмза.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіў увагу на тым, што падчас Звеставання Бог праз арханёла Габрыэля задаў Панне Марыі пытанне, ці хоча Яна быць Маці Збаўцы. Іерарх назваў гэта фундаментальнай справай. “Неверагодна, але праўда. Бог пытаецца ў чалавека, ці хоча ён быць збаўлены. Бог шануе годнасць і свабоду чалавека. Ён нікога не змушае, а толькі прапануе. Чалавек сам зграшыў, таму сам павінен быў даць адказ, ці хоча быць збаўлены”, – патлумачыў арцыбіскуп.

“Марыя згадзілася з Божай воляй, што змяніла лёсы гісторыі чалавецтва. Дзякуючы гэтаму Бог у чалавечай постаці ўвайшоў у свет, каб яго збавіць”, – адзначыў іерарх.

Ён нагадаў, што пасля Звеставання Марыя з паслугай міласэрнай любові наведала св. Альжбету, і гэта была сустрэча не толькі благаслаўлёных жанчын, але і яшчэ не народжаных Езуса і св. Яна Хрысціцеля, які быў вызвалены ад першароднага граху.

oltary brigidki 5

“Марыя прынесла да Альжбеты Хрыста. А мы? – паставіў пытанне арцыбіскуп. – Ці з’яўляецца нашае жыццё Звеставаннем Бога для секулярнага свету? Ці нясём мы Бога ў яго? Ад адказу на гэтыя і падобныя пытанні будуць залежаць нашы сучаснасць і будучыня”.

Кажучы пра святую Брыгіту, іерарх нагадаў, што яна жыла ў XIV стагоддзі, у яе сям’і было восем дзяцей, з якіх дачка Кацярына стала святой. Брыгіта заснавала прысвечаную Найсвяцейшай Крыві Езуса манаскую супольнасць сясцёр брыгітак і шпіталь, у якім служыла хворым. Ян Павел ІІ аб’явіў яе суапякункай Еўропы і сказаў, што яна з’яўляецца прыкладам не толькі для кансэкраваных асобаў, але і для тых, хто жыве ў сужэнстве. Арцыбіскуп дадаў, што Брыгіта жыла ў часы глыбокага маральнага крызісу і спрыяла яго перадоленню.

Згадваючы пра навагрудскіх мучаніц, арцыбіскуп адзначыў, што яны “сваім подзвігам паўтарылі словы Хрыста, што няма большай любові, чым калі хто аддае сваё жыццё за бліжніх”, і падчас іх беатыфікацыі ў 2000 годзе Ян Павел ІІ сказаў, што Бог быў іх апорай у жыцці і ў хвіліны выпрабавання.

oltary brigidki 8

“Яны загінулі, але жыццё засталося і развіваецца. Аб гэтым мы павінны памятаць у святле праўды Змёртвыхпаўстання. Калі зерне памрэ, то дасць багаты плён. Сапраўды, плён у нас вялікі, бо супольнасць назарэтанак у Беларусі з’яўляецца самай вялікай”, – заўважыў арцыбіскуп. Ён нагадаў, што яны працуюць у розных сферах касцёльнага жыцця, заняты катэхізацыяй, дабрачыннасцю, арганізацыяй духоўных практыкаванняў і інш.

“Іх улоў, кажучы мовай Езуса, не малы, але заўсёды можа быць большы”, – дадаў іерарх. Спасылаючыся на цуд вялікага ўлову рыбы, ён падкрэсліў, што неабходна браць прыклад з Езуса, які сказаў апосталам адплысці на глыбіню і зноў закінуць сеткі – пасля чаго стаўся цуд, сеткі былі поўныя рыбы.

“Езус сёння кажа тое ж нам. Вера азначае настойлівасць пачынаць зноў і зноў – значыць не паўтараць адны і тыя ж памылкі, а пакінуць зручнае мелкаводдзе і набрацца смеласці адплысці на глыбіню”, – сказаў іерарх. Па яго словах, “грамадства, часткай якога мы з’яўляемся, – гэта Галілея, дзе нам трэба шукаць Хрыста”, і “нават у нашым гродзенскім “Галілейскім моры” ёсць глыбіні, якія мы павінны адкрыць, выплысці на іх і зноў закінуць сеткі”.

oltary brigidki 17

Арцыбіскуп пажадаў вернікам, каб асвячаныя алтары натхнялі іх казаць “так” Богу, як Панна Марыя. Таксама ён пажадаў, каб па прыкладзе св. Брыгіты і навагрудскіх мучаніц вернікі сталі “вестунамі праўды Змёртвыхпаўстання, якая ўсё перамагае, носьбітамі Хрыста ў сучасным секулярным свеце і тымі, хто не баіцца адплысці на глыбіню”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі