Skip to main content

Урачыстасць Звеставання Пана (Дабравешчанне) сёлета святкуецца 26 сакавіка

Яна нагадвае пра вялікую падзею, з якой распачалася новая эра ў чалавечай гісторыі. Арханёл Габрыэль з’явіўся Марыі, дзяўчыне з Назарэту, каб перадаць ёй звестку, што гэта на ёй будзе выканана прароцтва, а яе сын, які будзе зачаты ў цудоўны спосаб праз Святога Духа, будзе Сынам самога Бога.

Дата Дабравешчання, як і Божага Нараджэння, з’яўляецца ўмоўнай. На сёння няма пэўнасці, чаму абыходы таямніцы Звеставання адбываюцца менавіта ў гэты дзень. Найбольш распаўсюджанае тлумачэнне даты 25 ці 26 сакавіка звязана з днём, у які мы святкуем Божае Нараджэнне – 25 снежня. Паміж дзвюма гэтымі датамі дакладна 9 месяцаў.

Вытокі гэтага свята дагэтуль з’яўляюцца прадметам дыскусіі. Найхутчэй яно было зацверджана фармальным дэкрэтам Касцёла, але вырасла з рэфлексіі над падзеяй, якая была так дэталёва прадстаўлена ў Евангеллі. Урачыстасць Звеставання пачаў адзначаць Усходні Касцёл ужо ў V ст. На Захадзе свята было прынята ў часы папы св. Грыгорыя Вялікага (+604). Сучасныя деследчыкі, аднак, выключаюць гэты элемент. Хрысціяне першых стагоддзяў скіроўвалі вялікую ўвагу на канец сакавіка – пачатак красавіка. Звязана гэта было з 14 Нісанам у Старым Запавеце – са святам Пасхі. Хутчэй за ўсё менавіта таму ў апошнія дні сакавіка ўзгадваецца момант Звеставання – пачатку Жыцця, якое праз муку, смерць і ўваскрасенне аднавіла сусвет.

Паўсюдна выкарыстоўваем дзве малітвы, якія згадваюць момант Дабравешчання. Гэта “Вітай, Марыя” і “Анёл Панскі”.

У гэтае свята можна распачаць духоўнае ўсынаўленне — шлюб (абяцанне, дадзенае Богу), сутнасцю якога з’яўляецца малітва канкрэтнай асобы ў інтэнцыі ўратавання жыцця дзіцяці, якому пагражае небяспека аборту. Зместам «Духоўнага ўсынаўлення» з’яўляецца штодзённая малітва, якая трывае на працягу дзевяці месяцаў. Распачынаецца малітва ва ўрачыстасць Звеставання Пана, а заканчваецца ва ўрачыстасць Божага Нараджэння.

«Усынаўленне» заключаецца ў штодзённым абавязку спецыяльнай малітвы за ненароджанае дзіця, імя якога ведае толькі Бог, малітвы адной з таямніц Ружанца, а таксама ўвядзенні ў сваё жыццё пэўных рэлігійных практык.