З нагоды набліжэння ўрачыстасці Уваскрасення Пана 26 сакавіка ў Гродне адбыўся абед для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства.
Абед, як і кожны год, прыгатавалі законніцы Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) разам з валанцёрамі пры падтрымцы Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі.
Пасілак благаславіў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ганаровымі гасцямі абеду былі віцэ-канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Антоні Грэмза і прадстаўнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Гродна.
Прысутныя разам прамовілі малітву, якой навучыў Езус Хрыстус. У ёй яны прасілі Бога найперш аб удзяленні кожнаму з іх неабходных ласкаў.
Біскуп выказаў віншаванні з нагоды ўжо блізкага свята Пасхі.
Сабраныя цешыліся, атрымліваючы з рук біскупа велікодныя яйкі. Кожны атрымаў велікодны набор (бульбяное пюрэ, курыную шынку, паштэт, хлеб, агурок, фарбаваныя яйкі, салодкі набор і шкарпэткі).
Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць маламаёмным і асобам без пэўнага месца жыхарства не страціць веру ў Бога і ў добрых людзей, паказваюць ім, што, хоць часта ад іх адварочваецца грамадства, яны заўсёды могуць знайсці месца ў сэрцы Бога і Касцёла.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі