Нашыя парафіяне – гэта ў асноўным сталыя людзі, таму калі наша арганістка Юлія Новік прапанавала праводзіць Крыжовы шлях па-новаму, было неяк боязна: а раптам не атрымаецца?
І вось ужо ў чарговы раз, у чацвёртую нядзелю Вялікага посту, нашыя парафіяне распачалі Крыжовы шлях пад гукі гітары і са спевам. Наперадзе гэтай жалобнай працэсіі, як калісьці шмат стагоддзяў таму ішоў Пан Езус, цяпер ідзе мужчына з крыжам. А за ім ідуць людзі і ад стацыі да стацыі спевам разважаюць мукі Божага Сына, укладаючы ў гэтыя словы ўсю душу. Нясмелыя галасы падлеткаў і дзяцей дапамагаюць старэйшым. А струны гітары нібы плачуць, аплакваючы ўсе нашыя грахі.
Зразумела, што ў кожнага чалавека свой крыж і свой Крыжовы шлях, а Вялікі пост – гэта подзвіг, які мы нясём па сваіх сілах. А ў канцы гэтага шляху вялікая радасць і спакой нараджаюцца ў душы кожнага, хто годна нёс свой маленькі подзвіг, нёс, з нецярпеннем чакаючы светлае Хрыстова Уваскрэсенне – Вялікдзень.
Алена Лунеўская