З 5 па 9 лютага ў Албаніі прайшоў Чэмпіянат Еўропы па футболе сярод святароў Futsal 2024.
У Албаніі падобнае мерапрыемства адбылося ўпершыню. У спаборніцтвах удзельнічалі 17 каманд з усёй Еўропы, у тым ліку з Беларусі.
Беларуская каманда складалася са святароў усіх дыяцэзій Касцёла ў нашай краіне, у тым ліку Гродзенскай дыяцэзіі.
Беларуская каманда заняла 15-е месца. Як падкрэслівае прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Ян Раманоўскі, прычынай не самага лепшага выніку было тое, што некаторыя святары, якія маглі б вельмі дапамагчы камандзе на гэтым чэмпіянаце, не мелі магчымасці ўдзельнічаць у ім з-за душпастырскіх абавязкаў.
Першае месца заняла каманда Харватыі, другое – Польшчы, трэцяе – Босніі і Герцагавіны.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі