5 лютага ў Гродне прайшло агульнадыяцэзіяльнае святкаванне Сусветнага дня кансэкраванага жыцця.
На сустрэчы сабраліся манаскія асобы – сведкi прысутнасці Бога ў свеце, – якія служаць на ўсёй тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
Святочнае мерапрыемства пачалося ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі духоўнай канферэнцыяй, з якой выступіў а. Антоні Пажэцкі OFMConv, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы і св. Францішка Асізскага ў Свіслачы (Бераставіцкі дэканат). Францішканін казаў пра важнасць поўнага даверу манаскай асобы Богу, неабходнага для таго, каб зрабіць сваё жыццё бескарыслівым дарам Яму.
Святар засяродзіў увагу на неабходнасці належным чынам рыхтавацца да Эўхарыстыі і перажываць яе. Ён закрануў тэму праблем у манаскай супольнасці і чаканняў ад супольнасці, а таксама заахвоціў практыкаваць адарацыю, назваўшы яе той хвілінай, калі Бог аднаўляе ў чалавеку вобраз, створаны Ім.
Затым удзельнікі мелі час на індывідуальную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Кульмінацыяй святочнай сустрэчы была ўрачыстая Імша ў катэдры св. Францішка Ксаверыя з удзелам шматлікіх вернікаў Гродна, на якой кансэкраваныя асобы аднавілі манаскія абяцанні. Узначаліў яе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У слове на пачатку літургіі біскуп падкрэсліў, што Касцёл быў бы бедным без манахаў і манахінь. Іерарх адзначыў, што кансэкраваныя асобы падтрымліваюць супольнасць Касцёла сваімі малітвамі, служэннем дзецям, моладзі, сем’ям, хворым і самотным людзям.
У гаміліі кс. Томаш Ксянжкевіч CMF нагадаў гісторыю ўзнікнення свята кансэкраваных асобаў і патлумачыў, чаму яно кожны год адзначаецца ў свята Ахвяравання Пана.
Па словах святара, Панна Марыя – першая кансэкраваная – павінна быць для манаскіх асобаў узорам адкрытасці на дар Бога, поўнай адданасці Яму, прыняцця чалавекам ласкі.
Нагадаўшы, што сёлета адзначаецца 35-я гадавіна з пачатку адраджэння рэлігійнага жыцця на беларускай зямлі, святар дадаў, што кансэкраваныя асобы з розных манаскіх супольнасцяў прыбылі ў нашу краіну з-за мяжы, каб служыць тут людзям, абвяшчаць Евангелле, удзяляць сакрамэнты, аднаўляць святыні, якія ўжо існавалі, і будаваць новыя.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч, карыстаючыся нагодай, падзякаваў усім асобам кансэкраванага жыцця за іх штодзённае служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне.
Ксёндз Дзяніс Крываносаў SAC, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках (Радунскі дэканат), дарадчык у Гродзенскай дыяцэзіі Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі, ад імя ўсіх кансэкраваных асобаў падзякаваў біскупу за клопат аб манаскіх супольнасцях у дыяцэзіі і за малітву ў іх інтэнцыі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі