Канцэрт арганнай і вакальнай музыкі адбудзецца ў гервяцкім касцёле Святой Тройцы (Астравецкі раён) 17 сакавіка. Перад гледачамі выступяць салістка Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Таццяна Глазунова (вакал), інструменталіст гэтага ж аркестра Іван Кучарэнка (арган) і арганіст касцёла Святоцй Тройцы Андрэй Міхневіч. У праграме канцэрта – каноны на лацінскай мове, творы Баха, М.К.Агінскага, Шуберта, Глінкі, Каччыні, Альбіноні, Гендэля. Амаль усе 320 білетаў на канцэрт ужо прададзены.
У бліжэйшую суботу ў Гервяты прыедуць аматары арганнай музыкі з усёй Гродзенскай вобласці і нават Мінска.
Сродкі ад продажу білетаў пойдуць на рамонт касцёла.
Гервяцкі касцёл пабудаваны ў 1899-1903 гг. у стыле неаготыкі. Гэта другі па вышыні касцёл у Беларусі – 64 метры, паведамляе "Твой Стыль".
