Skip to main content

З'явіўся віртуальны міні-тур па Фарным касцёле

З’явілася сферычная 3D панарама Фарнага касцёла ў Гродне. Невялікі віртуальны тур стаў магчымым дзякуючы гродзенскаму фатографу Івану Цыркуновічу, які зрабіў чатыры панарамы касцёла.
Пачынаецца тур ад увахода ў касцёл, а далей можна падняцца разам з аўтарам на хоры, падысці да галоўнага алтара ці да капліцы Маці Божай Кангрэгацкай. Панарама дазваляе добра разгледзець галоўны алтар, які быў нядаўна адноўлены пасля пажару.
Іван Цыркуновіч ужо зрабіў шэраг сферычных 3D панарам касцёлаў Гродзеншчыны, напрыклад, у Індуры, Іўі, Адамавічах, Зэльве, Квасоўцы, на Дзевятоўцы і інш. Пакуль што колькасць касцёлаў, якія маюць панарамы, складае каля 50. Частку сферычных здымкаў можна разгледзець на нашым сайце тут.

У планах гродзенскага фатографа зрабіць 3D панарамы ўсіх старых храмаў Гродзеншчыны, а па магчымасці, і Беларусі.

Сферычная 3D панарама – гэта 3D-відарыс, якія акружае гледача сферай у 360 градусаў. Асаблівасцю такіх панарам з’яўляецца эфект прысутнасці. З дапамогай мышы ці клавіятуры карыстальнік лёгка можа набліжаць ці аддаляць аб’екты або вывучаць агульны план.