Skip to main content

Аплаткавая сустрэча для бедных прайшла ў Гродне

obed bednye 621 снежня ў Гродне адбылася традыцыйная аплаткавая сустрэча для бедных, бяздомных i маламаёмных напярэдадні святаў Божага Нараджэння. На сустрэчы сабралося больш за 100 чалавек.

З беднымі сустрэліся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дырэктар гродзенскага “Caritas” кс. Алег Пятрашка, віцэ-канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Антоній Грэмза, а таксама пастар лютэранскай супольнасці Уладзімір Татарнікаў.

Спачатку прысутныя праспявалі калядкі, што дапамагло стварыць атмасферу Божага Нараджэння. Затым кс. Алег Пятрашка прывітаў удзельнікаў, нагадаў традыцыю дзялення аплаткай і яе сімволіку.

obed bednye 5

Пасля малітвы і благаслаўлення, удзеленага біскупам, прысутныя падзяліліся аплаткамі. Святары выказалі віншаванні ўдзельнікам сустрэчы.

Абед для ўдзельнікаў, як кожны год, прыгатавалі сёстры назарэтанкі разам з валанцёрамі пры падтрымцы Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі. На абед былі прапанаваны суп, бульба, селядзец, салата з буракоў, хлеб і кампот з булкай.

obed bednye 30

Акрамя святочных сустрэч перад Божым Нараджэннем і Вялікаднем, для бедных штодня ладзяцца дармовыя абеды ў адмысловай сталовай. У людзей, якія маюць патрэбу ў вопратцы ці абутку, таксама ёсць магчымасць звярнуцца з просьбай аб дапамозе.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі