1 лістапада ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў Эўхарыстыю ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і набажэнства на могілках.
На Імшы ва ўрачыстасць Усіх Святых у касцёле Адэльска – малой радзімы арцыбіскупа Кандрусевіча – сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Усіх сардэчна прывітаў пробашч кс. канонік Віктар Мыслюк.
У гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў, што святасць залежыць не ад кананізацыі, а ад жыцця чалавека, кананізацыя – толькі афіцыйнае пацвярджэнне святасці, і шмат людзей з’яўляюцца святымі без гэтага пацвярджэння. Таму Касцёл вызначае адзін дзень, 1 лістапада, каб праслаўляць не аднаго святога, а ўсіх разам – вядомых і невядомых, дадаў іерарх.
Арцыбіскуп нагадаў, што, каб стаць святым, неабходна жыць згодна з Божым законам. На жаль, адзначыў ён, у сучасным свеце ўсё больш распаўсюджваецца спакуса выкарыстоўваць Бога для апраўдвання сваіх злых учынкаў. Часамі, па словах іерарха, чалавек нават абвінавачвае Бога ў тым, што грашыць, і кажа, што Бог павінен сцерагчы яго ад зла, бо ён веруючы. У выніку нават з’явілася формула: выкарыстаць Бога ці быць выкарыстаным Богам; адно вядзе ў пекла, другое – у неба.
Евангелле на ўрачыстасць Усіх Святых прадстаўляе восем благаслаўленняў Езуса як праграму для дасягнення святасці, звярнуў увагу арцыбіскуп.
Ён разважаў таксама аб тым, што ў сучасным свеце модным з’яўляецца слова “цэлебрыт”, што азначае “славуты”: паэты, артысты, спартоўцы і іншыя – людзі, якія знаходзяцца на першых старонкаў газет і часопісаў, экранах тэлевізараў і ў інтэрнэце, людзі, аб якіх гаворыць свет.
У сувязі з гэтым арцыбіскуп узгадаў, што 25 гадоў таму памерлі Маці Тэрэза з Калькуты і англійская прынцэса Дыяна, якія абедзве былі вельмі славутымі і якіх ліберальныя медыя амаль што зраўнялі. “Мы не маем права нікога судзіць, бо гэта Божая справа. Але з упэўненасцю можам сказаць, што адна была жанчынай вялікай святасці, а другая – вялікай славы”, – сказаў іерарх. Па яго словах, прынцэса Дыяна зрабіла вельмі шмат у сваім жыцці, асабліва ў галіне дабрачыннасці. Аднак, падкрэсліў арцыбіскуп, святасць – гэта нешта большае, чым філантропія, чым і вызначалася Маці Тэрэза з Калькуты: яе ўчынкі міласэрнасці былі перапоўненыя ідэяй васьмі благаслаўленняў Езуса, яна жыла імі радыкальна – дапамагала бедным так, як гэта чыніў Езус, шукаючы не сваёй, а Божай славы.
“Таму нельга блытаць святасць са славай – далёка не заўсёды славуты чалавек з’яўляецца святым”, – сказаў арцыбіскуп, дадаўшы, што, аднак, былі і такія, якія адначасова былі і славутымі, і святымі: тая ж Маці Тэрэза з Калькуты – Нобелеўскі лаўрэат і святая. “Яна не выкарыстоўвала Бога ў сваіх мэтах, а дазволіла Яму выкарыстаць яе як інструмент міласэрнасці. Яна прыклад адрознення паміж тым, што значыць выкарыстаць Бога, і тым, што значыць быць выкарыстаным Ім”, – патлумачыў іерарх.
Ён заклікаў вернікаў браць прыклад з вядомых і невядомых нам святых, якія яднаюцца з намі і моляцца за нас, “каб выбраць такую жыццёвую дарогу, на якой Бог будзе выкарыстоўваць нас, каб мы сталі святымі”.
Вечарам арцыбіскуп эмерыт узначаліў набажэнства на могілках Адэльска.
Набажэнства, у якім удзельнічала шмат вернікаў, пачалося працэсіяй за памерлых. У разважаннях арцыбіскуп засяродзіў увагу прысутных на тым, як важна памятаць аб сваіх каранях, сваіх продках, без якіх не было б нас. Ён адзначыў, што найлепшая памяць – малітва аб супакоі іх душаў.
У гаміліі іерарх падкрэсліў, што памяць аб продках адыгрывае ролю якара ў сённяшні час, калі пануе мода на “прэміяльнасць”, калі людзі забываюцца пра вечнасць і канцэнтруюцца на справах гэтага свету.
Па яго словах, у святле біялагічнай праўды смерць з’яўляецца паражэннем, аднак у святле праўды Уваскрасення яна з’яўляецца перамогай, бо смерць не мае апошняга слова. Вера ў Змёртвыхпаўстанне ператварае могілкі з месца дэманаў у месца анёлаў, якія чакалі ў грабніцы Езуса жанчын-міраносіц. “Хрыстус ахвяруе вечнае жыццё ўсім, хто верыць у Яго”, – падкрэсліў іерарх і дадаў, што гэтую праўду вельмі добра адлюстроўвае надпіс на браме адных могілак: “Janua Vitae” (“Брама жыцця”) – гэта азначае, што на могілкі трэба глядзець як на каралеўства не памерлых, а жывых.
Менавіта таму, патлумачыў арцыбіскуп, Касцёл моліцца за памерлых з надзеяй, што жыццё пераможа. Такім чынам успамін усіх памерлых аб’ядноўвае жывых і памерлых – Касцёл, які пілігрымуе і церпіць, каб павялічыць Касцёл, які трыўмфуе.
Некаторыя з нашых памерлых яшчэ не гатовыя ўвайсці ў радасць неба і знаходзяцца ў чыстцы, аднак Божая міласэрнасць бязмежная і мы дзякуючы сваім малітвам выпрошваем у Бога ласку іх вызвалення з чыстца, сказаў іерарх.
Ён распавёў, як адзін чалавек пытаўся: што найлепшага можна зрабіць памерламу – паразмаўляць пра яго, зрабіць добры помнік, прынесці кветкі? Даведаўшыся, што ўсё гэта добра, але найлепшы дар – малітва, гэты чалавек у тэстамэнце напісаў: “Не марнуйце часу на размовы пра мяне. Лепей прысвяціце яго малітве”.
Малітва на самой справе, як вучыць Святое Пісанне, вызваляе ад часовых караў, нагадаў арцыбіскуп. Ён заклікаў вернікаў жыць гэтай праўдай і ўчыніць нашых памерлых шчаслівымі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: кс. Павел Эйсмант