Skip to main content

Любоў у паслузе святара: чарговы дзень засяроджання святароў

5 сакавіка ў будынку Гродзенскай ВДС адбыўся чарговы дзень засяроджання святароў Гродзенскай дыяцэзіі.

На пачатку сустрэчы святары перажылі набажэнства Крыжовага шляху, падрыхтаванага спецыяльна для іх айцом доктарам Андрэем Шчупалам CssR, духоўным айцом святароў дыяцэзіі. У гэтым набажэнстве айцец Андрэй разважаў над вялікай адказнасцю святароў за павераны ім люд, над асабістай працай над сабой і сваімі слабасцямі, якія датычаць таксама і святароў як людзей. Пасля адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якога святары спавядаліся.

Далей святары выслухалі аскетычную канферэнцыю на тэму “Любоў у паслузе святара”, якую таксама прачытаў а. Андрэй. Ён звярнуў увагу на тое, што з’яўляецца найважнейшым: любоў да Бога і любоў да бліжняга. Любоў да Бога ў жыцці святара павінна выражацца ў яго жаданні прызначыць Богу як мага больш часу, каб святар мог з Ім часцей сустракацца, пазнаваць Яго і размаўляць з Ім. Таму што гэта ўздзейнічае на ўсё яго святарскае жыццё, а таксама на паслугу. Бог павінен быць прадметам святарскай любові, а інакш на Яго месцы можа з’явіцца хтосьці іншы. Выяўленнем такой любові да Бога павінна быць любоў да бліжняга, г.зн. да братоў і сясцёр, даручаных яму ў апеку. А гэта найчасцей выражаецца ў выкананні святаром сваіх абавязкаў, звязаных з касцёлам, катэхізацыі, удзяленні сакрамантаў, кіраванні парафіяй. Асновай і матывацыяй усяго гэтага павінна быць толькі і выключна сапраўдная любоў.

Пасля канферэнцыі святары разам са сваім пастырам кс. б-пам Аляксандрам Кашкевічам цэлебравалі св. Імшу ў семінарыйнай капліцы. Божае слова да святароў скіраваў біскупскі вікарый Лідскай акругі кс. д-р Уладзімір Гуляй. Сваю прамову ён абапіраў на апостальскі ліст Святога Айца “Porta Fidei” (“Дзверы веры”). Кс. Уладзімір гаварыў пра прымат і адарацыю Бога ў жыцці святара, пра крызіс веры, пра дэсакралізацыю, аб патрэбе рэхрысціянізацыі. Для Божа люду ж найперш патрэбна, каб святар быў веруючым чалавекам, бо толькі тады яго жыццёвы прыклад кажа больш, чым, не раз, яго словы.

Пасля св. Імшы быў арганізаваны традыцыйны абед і выслуханы традыцыйныя інфармацыйныя аб’явы.