З 19 па 22 кастрычніка ў рэкалекцыйным доме “Голас Айца” ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) прайшоў “Маленькі курс хрысціянскага жыцця” (Cursillo).
Гэта быў ужо другі раз, калі група вернікаў, з Беларусі і не толькі, мела магчымасць удзельнічаць у сустрэчах гэтага курса, вельмі простых і адначасова незвычайных па форме, на якіх можна было захапіцца прыгажосцю Божага слова і паразважаць на выбраныя тэмы хрысціянскага жыцця.
На гэты раз курс сабраў 14 чалавек. На пачатку сустрэчы былі зачытаны пасланні ад прадстаўнікоў руху Cursillo з замежжа з запэўненнем малітоўнай падтрымкі і салідарнасці, а таксама з радасцю, што курс працягвае развівацца ў нашай краіне.
На працягу трох дзён вядучыя і ўдзельнікі курса праводзілі гутаркі, разважалі, дзяліліся досведам свайго хрысціянскага жыцця. Сустрэча ўключала таксама сумесныя малітвы, Эўхарыстыю і адарацыю.
Курс завяршыўся ў санктуарыі Пана Езуса Журотнага ў Росі. Падтрымаць удзельнікаў прыбыла большасць выпускнікоў першага Cursillo, які адбыўся ў мінулым годзе.
Вельмі прыемнай нечаканасцю для ўдзельнікаў было прыбыццё біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і яго генеральнага вікарыя кс. каноніка Аляксандра Мацкевіча, канцлера Гродзенскай курыі.
Канцлер агучыў дэкрэт аб заснаванні “Маленькага курса хрысціянскага жыцця” і зацверджанні яго статуту ў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама дэкрэт, паводле якога дыяцэзіяльным асістэнтам курса прызначаецца кс. Міхал Васількевіч.
Ардынарый надзеў на ўдзельнікаў Cursillo крыжы як знак таго, што яны сведкі Хрыста і актыўна ўключаны ў будаўніцтва хрысціянскіх супольнасцяў. Затым біскуп звярнуўся да іх са словамі настаўлення. Яны атрымалі апостальскае благаслаўленне, а таксама адбылося іх місійнае рассыланне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі