
Сустрэчу ўзначальваў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, прысутнічаў таксама кусташ санктуарыя кс. Павел Галіньскі. На сустрэчы абмяркоўваліся арганізацыйныя справы, звязаныя з правядзеннем Марыйных урачыстасцей. Перш за ўсё, як аднагалосна адзначылі ўсе прысутныя, сёлета трэба падтрымаць важную традыцыю, звязаную з датай правядзення свята ў Тракелях. У сувязі з духоўным клопатам пра шматлікіх вернікаў, асабліва моладзь, якія заўсёды накіроўваюцца ў дыяцэзіяльны санктуарый (напрыклад, пілігрымка Гродна – Тракелі налічыла ў мінулым годзе больш за 500 чалавек) было вырашана, што сёлетняя сустрэча адбудзецца ў Тракелях 6-7 ліпеня. Варта зазначыць, што ўжо цягам 15 гадоў у кожную першую суботу ліпеня вернікі дыяцэзіі спяшаюцца ў Тракелі. Усе святары падкрэслілі, што парафіяне ўжо даўно ведаюць гэтую дату і заранёў плануюць сваю пілігрымку ў Тракелі.
Дэвізам урачыстасці ў гэтым годзе будуць словы “У пілігрымцы веры да Марыі”. Паводле арганізатараў, дэвіз быў выбраны ў сувязі з падрыхтоўкай да Года Веры, які абвясціў папа Бенедыкт XVI. Падчас сустрэчы святары таксама спыніліся над пытаннем супольных спеваў падчас урачыстасці, а таксама іншых душпастырскіх спраў. Як адзначыў кс. Раман Катлімоўскі, вельмі важна, каб кожны чалавек удзельнічаў у супольных спевах, якія робяцца вялікай малітвай сабраных. Кс. дзекан Генрык Яблоньскі звярнуў увагу на вялікую супольнасць вернікаў, якая ўжо за гэтыя гады ўтварылася ў Тракелях. Ксёндз рэктар Юзаф Станеўскі нагадаў, што з кожным разам усё больш людзей прыступаюць да споведзі, таму варта падрыхтаваць спецыяльнае месца, дзе будзе ўсталявана больш за дзесятак канфесіяналаў, каб вернікі не шукалі па ўсім пляцы месцаў, каб паспавядацца. Ксёндз прэлат Антоні Ханько ўзгадаў прысутным Сусветныя дні моладзі ў Іспаніі, дзе панавала цудоўная атмасфера духоўнага суцішэння, а таксама глыбокай малітвы маладых людзей. Ксёндз прэлат адзначыў, што гэта было прыгожае сведчанне моладзі.
Праграма ўрачыстасцей будзе пададзена пазней. Запрашаем усіх да ўдзелу ў сёлетніх пілігрымках, а таксама ў сустрэчы ў Тракелях.