У парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах (Ашмянскі дэканат) у дзень літургічнага ўспаміну св. Францішка Асізскага адзначылі адпустовую ўрачыстасць у яго гонар.
У гэты дзень парафіяльны касцёл напаўняла ўтульная і незвычайна ўзнёслая атмасфера спакою і радасці. Кожны алтар святыні ўпрыгожвалі кветкі, злучаныя ў адмысловыя букеты.
На пачатку галоўнай святой Імшы пробашч парафіі а. Багуслаў Вуйтовіч OFMConv прывітаў усіх прысутных. Узначаліў адпустовую ўрачыстасць дэкан Ашмянскага дэканату кс. канонік Ян Пузына.
На свята прыбылі пробашч парафіі ў Барунах кс. Павел Паўлюкевіч, пробашч парафіі ў Жупранах кс. Юзаф Занеўскі SDB і пробашч парафіі ў Граўжышках кс. Павел Раманоўскі, дзякуючы паслузе якога можна было прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
У гаміліі кс. Анатоль Захарэўскі, для якога гальшанская парафія з’яўляецца роднай і які зараз з’яўляецца пробашчам парафіі ў Міхалішках, закрануў тэму навяртання і святасці. Ён адзначыў, што не ўсе святыя былі святымі адразу, у многіх быў свой шлях навяртання, і кожнаму з сённяшніх людзей таксама не позна распачаць гэты шлях, каб імкнуцца да неба.
Перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам духавенства і вернікі памаліліся літаніяй да св. Францішка.
Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла і кляштара. Такім чынам Пан Езус ахінуў гальшанскі касцёл сваёй апекай і клопатам, прайшоўшы вакол яго ў Найсвяцейшым Сакрамэнце разам з усімі ўдзельнікамі. Перад уваходам у святыню ўдзельнікі працэсіі заспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.
Напрыканцы ўрачыстасці пробашч падзякаваў святарам і вернікам за прысутнасць і шчырую супольную малітву.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі