8 жніўня ў Гродне адбылося пахаванне с. Пэтранэлі ад Езуса Міласэрнага (Станіславы Перашчака) з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі).
Святая Імша ў інтэнцыі спачылай з удзелам шматлікіх законных сясцёр, духавенства і вернікаў цэлебравалася ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі). Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На пачатку літургіі іерарх назваў сястру Пэтранэлю “апосталам святога Ружанца”, бо вельмі часта можна было бачыць, як гэтая невысокага росту манахіня крочыць вуліцамі горада над Нёманам з ружанцам у руках.
У гаміліі пробашч гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя кс. канонік Ян Кучынскі засяродзіў увагу на асобе спачылай законніцы. Па словах святара, ёй заўсёды спадарожнічалі ўсмешка на твары і радасць.
Ксёндз Ян падкрэсліў, што сястра Пэтранэля дапамагала Касцёлу сваёй малітвай, а таксама памятала ў малітве пра святароў, іх бацькоў, падтрымлівала парафіяльныя супольнасці, дзе асобныя святары штодзённа служаць.
Нягледзячы на ўзрост, у яе была добрая памяць, бо манахіня магла прыгадаць імёны многіх людзей, запэўніваючы, што пастаянна агортвае іх малітвай.
На заканчэнне Імшы правінцыяльная настаяцельніца Беларускай правінцыі Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта с. Філатэя Ціхановіч выказала ўдзячнасць за малітоўную падтрымку гэтай манаскай сям’і, сяброў і знаёмых спачылай, якія знаходзяцца ў жалобе.
Настаяцельніца падзякавала ўсім прысутным за ўдзел у Эўхарыстыі, а святарам – за цэлебрацыю ахвяры святой Імшы ў інтэнцыі сястры Пэтранэлі.
Затым на могілках адбылося пахаванне.
Дзякуючы Пану за дар жыцця сястры Пэтранэлі, якая застанецца ў памяці вернікаў як радасная і руплівая законніца, што любіла не толькі людзей, але і галубоў, якіх заўсёды карміла на падворку манаскага дома, будзем прасіць добрага Бога адарыць яе жыццём вечным у небе!
Сястра Пэтранэля ад Езуса Міласэрнага (Станіслава Перашчака) нарадзілася 16 кастрычніка 1938 г. у Поразаве ў сям’і Марціна і Гэлены Перашчакаў, была ахрышчана ў Лідзе.
25 лістапада 1989 г. у Гродне ўступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, а 26 жніўня наступнага года прыняла манаскае адзенне.
Першыя манаскія абяцанні прынесла 23 жніўня 1992 г., а 10 жніўня 1997 г. – вечныя.
На працягу манаскага жыцця служыла ў Варшаве, Закапанэ, Астшэшуве (Польшча), Друскінінкаі (Літва), Лідзе і Гродне.
Aпошні час знаходзілася ў кляштары ў Гродне, дзе і адышла ў вечнасць 7 жніўня.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віктар Салдаценка